Твор Максіма Знака выдалі на дацкай мове

Кнігу беларускага аўтара і ганаровага сябра Дацкага ПЭНа Максіма Знака цяпер можна чытаць па-дацку. У выдавецтве Underskoven выйшаў яго твор “Зэкамерон” у перакладзе на дацкую мову Лотэ Янсен (Lotte Jansen), паведамляе Рэформ.

Кніга, напісаная адвакатам і пісьменнікам Максімам Знакам у зняволенні, друкавалася на беларускай, ангельскай, шведскай, нямецкай і расейскай мовах.

“Зэкамерон» — гэта 100 апавяданняў пра паўсядзённае жыццё зняволеных у беларускай турме, напісаных у першыя месяцы яго зняволення. Назва кнігі, “Зэкамерон”, паходзіць ад слова “зэк”, якое часта выкарыстоўваецца для абазначэння асуджаных.

фота з facebook.com

Натхнёны “Дэкамеронам” Бакача ХІV стагоддзя, Максім Знак апісвае паўсядзённае жыццё ў турме. Гісторыі аб годнасці, аб супраціве, самасцвярджэння і клопаце. Жорсткасць турмы і банальнасць паўсядзённага жыцця супернічаюць са здольнасцю чалавека пераадольваць прыгнёт. Гумарам, чалавечай прысутнасцю і адчуваннем абсурду ў дробных дэталях паўсядзённага жыцця гэтыя гісторыі нагадваюць як пра Антона Чэхава, так і пра Сэмюэла Бэкета. Нягледзячы на змрочны кантэкст, гэта далёка не песімістычнае чытво. Гэта кніга лаканічна ды іранічна, але разам з тым сумленна апавядае пра тое, што значыць быць чалавекам”.

Дацкае выданне можна замовіць на сайце выдавецтва Underskoven

Загалоўная выява: крыніца