Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад кнігі блогера, пісьменніка і праграміста “З Порту на Сант’яга: дзённік з пілігрымкі” Стэфана Корфа. Навінку проста цяпер можна перадзамовіць праз сайт выдавецтва са зніжкай.
Каля паўмільёна чалавек штогод пераадольвае сярэднявечны шлях у сотні кіламетраў да мошчаў святога Якуба, аднаго з вучняў Ісуса Хрыста. Каб атрымаць індульгенцыю — або проста перазагрузіцца і лепей спазнаць самога сябе. Ідуць і беларусы: не абавязкова быць вернікам або грэшнікам, каб паставіць перад сабой мэту і дасягнуць яе поруч з пілігрымамі з усяго свету.


Гэтая кніга — дзённік з такога падарожжа. У верасні 2025 году Стэфан Корф прайшоў з Порту да Санцьяга за адзінаццаць дзён і запісаў свой досвед і ўражанні. Толькі асцярожна: пасля прачытання вам абавязкова захочацца таксама прайсці гэты шлях.
Стэфан Корф — праграміст, пісьменнік, блогер, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Літве. Скончыў “Школу маладога пісьменніка”. У 2018 годзе яго кніга гістарычнага фэнтэзі “Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага” трапіла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют”. Пасля пераезду пачаў цікавіцца, як беларуская культура ў эміграцыі ўбудоўваецца ў сусветную ды лакальную, як беларусы пакідаюць свае сляды і наогул, дзе жыве цяпер Беларусь.






