Стартаваў продаж бэстсэлера пра вайну ва Украіне

Выдавецтва “Янушкевіч” абвясціла пра пачатак продажаў беларускага перакладу найноўшага рамана вядомага польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха “Нуль”. Пераклад на беларускую здзейсніла Кацярына Маціеўская.

Каніга ўжо даступная для чытачоў у кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве, а таксама навінку можна замовіць праз сайт з дастаўкай у многія краіны свету Knihauka.com.

“Нуль” — гэта выбуховая сумесь ваеннай драмы, псіхалагічнага трылера і філасофскай рэфлексіі пра сутнасць чалавека на вайне. Гэта сучасная ваенная проза, якая разрывае традыцыйныя схемы гераізму і ахвярнасці, уласцівыя савецкаму канону. Твардах паказвае вайну не як эпас пра перамогу, а як хаос, у якім разбураецца чалавечая мараль, і застаецца толькі воля да выжывання.

Калі Шчэпан Твардах адправіўся на ўкраінскі фронт, каб адчуць усё на ўласнай шкуры, з’явілася мноства каментарыяў пра тое, што гэта безадказна, небяспечна і пазёрства, але ў выніку атрымалася моцная кніга.

“Нуль” адначасова адрозніваецца і вельмі падобны да іншых кніг Твардаха. Нягледзячы на раманную форму, у якой напісана гісторыя Каня, добраахвотніка УСУ (Узброеных сіл Украіны) з нямецка-ўкраінска-польскімі каранямі, — кніга часам нагадвае рэпартаж. Твардах апісвае гісторыі, эмоцыі і падзеі, якія ён сам перажыў або пачуў ад жаўнераў.

Твардах выбірае фікшн, выдумку, каб расказаць праўду. У пэўным сэнсе гэта нават дазваляе яму быць больш адкрытым — літаратура факту ва ўмовах вайны патрабуе, напрыклад, гарантыі бяспекі апісаных персанажаў. Выбіраючы мастацкую літаратуру, заснаваную на рэальных падзеях, аўтар можа больш дакладна апісаць рэальнасць.

“Нуль” — гэта шматгранная проза, напісаная жывой мовай. Кніга пра тое, наколькі прыземлена бязглуздай і ў той жа час бязглузда бескампраміснай можа быць вайна.

Беларускі пераклад зрабіла Кацярына Маціеўская, лаўрэатка Прэміі Шэрмана, якая перадала складаную, шматпластавую мову Твардаха з яе гіпнатычнай энэргетыкай і трывожным рытмам.

Шчэпан Твардах — знаны сучасны польскі пісьменнік. Бескампрамісны ў публічнай дзейнасці. Рэзкі ў палітычных выказваннях. Кожная выдадзеная ім кніга станавілася падзеяй і абавязкова — бэстэлерам. У аўтарскім даробку ёсць шэраг вядомых, скандальных і гучных раманаў: “Морфій” (2012), “Драх” (2014), “Кароль” (2016), “Каралеўства” (2018), “Пакора” (2020), “Холад” (2022). Ягоная самая прадаваная кніга “Кароль” выйшаў па-беларуску ў 2022 годзе.