Стала вядома, калі ўручаць Прэмію Гедройця

Цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Ежы Гедройця пройдзе ў Гданьску (Польшча) 26 лістапада. Журы назаве тры найлепшыя кнігі за 2023 год, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы. Таксама 25 і 26 лістапада ў Гданьску пройдуць сустрэчы з беларускімі аўтаркамі і аўтарамі, выстава, кніжны кірмаш і яшчэ шмат чаго цікавага.

⏰ 26 лістапада, 19:00
📍 Europejskie Centrum Solidarności, Гданьск (plac Solidarności 1)

У прэміяльнай гонцы застаюцца 6 кніг, якія ўвайшлі ў Кароткі спіс:

  1. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023
  2. «Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022
  3. «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» – Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
  4. «На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
  5. «Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
  6. «Час пустазелля» – Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

Сярод публічных сябраў сёлетняга журы прэміі – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Арганізатары імпрэзаў: Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства “Хатка”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Europejskie Centrum Solidarności.
Партнёры цырымоніі: аўдыявыдавецтва “Кніжны воз”, аўдыявыдавецтва Audiobook.by.
Праект фінансаваны Fundacja Solidarności Międzynarodowej у рамках праграмы полськага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Галоўнае фота з архіву Літаратурнага Інстытута (Instytut Literacki)