Сяргей Дубавец спрабуе разгадаць загадку аўтаркі дэтэктываў Камілы Цень

У чарговым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец разбірае апошнюю кнігу ананімнай аўтаркі дэтэктываў Камілы Цень “Наступны прыпынак смерць”. “Джазавы стандрат” у літаратуры, атмасферны менскі антураж, каларытная гераіня і жангляванне стылямі ды мовамі — адзін з магчымых рэцэптаў пісьменніцкага поспеху.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Напісаць “Наступны прыпынак сьмерць” — гэта як выканаць джазавы стандарт, з пэўнымі адхіленьнямі. Захапляе музычная дасканаласьць і прастата, а пэўныя адхіленьні — гэта менскі антураж — што толькі павялічвае ў чытычу захапленьне арыгінальнасьцю і непадробнасьцю твора. Шабаны, парк пяцідзесяцігоддзя Вялікага Акцябра, Партызанскі праспэкт і сам трамвай… Гэта пераважна трасянка, але гэта, безумоўна, беларуская літаратура і мне цяжка ўявіць, як бы такі твор загучаў, напрыклад, па-польску ці па-нямецку. 

Аўтар, дакладней, “цень” аўтара па-майстэрску і ў тонкасьцях выкарыстоўвае розныя моўныя пласты: трасянку, беларускую літаратурную, расейскую мову. Скажам, чаму ў назьве “Наступны прыпынак”, а не як у папярэдняй кнізе “Я прыду за табой у аўгусьце”? Адказ просты. Таму што так аб’яўляюць прыпынкі праз гучнамоўнік у менскім транспарце.

“Харошы від транспарта — наш мінскі трамвай. Асобенна ў наябры часоў у адзінаццаць вечара. Чыста, суха, сьветла. Голас прыятны астаноўкі аб’яўляе. На чыстай беларускай мове”.

***

Трасянка, калі расейскія словы падаюцца празь беларускае вымаўленьне, беларускім ротам, — гэта мова галоўнага героя-апавядальніка, кантралёркі на транспарце Зінаіды Юр’еўны, трасянка можа бянтэжыць, але важна, што яна прадуманая, што запісаная паводле правілаў беларускай мовы і што падаецца як частка эвалюцыі чалавека, што ажыцьцяўлае пераход з расейскай мовы на беларускую.

Яна пра гэта гаворыць у самым канцы кнігі ў размове з тэлефоннай махляркай:

— Здраствуйте! — сказаў какой-та очань узвалнованы жэнскі голас. — У меня к вам срочное дело! Меня вам позвонить попросили! Ваш сын только что в аварию попал! Только что! В Малиновке! Он в реанимации! Нужны деньги! Срочно! Операция сложная! Пять тысяч долларов! Сможете привезти?

А мы, чытачы, ужо ведаем, што сын эміграваў у Польшчу, то бок ніяк у Малінаўцы патрапіць у аварыю ня мог. І вось адказ Зінаіды Юр’еўны, нечакана гэтым разам на чыстай беларускай мове:

Добры вечар, — сказала я. — Прабачце, але чаму вы размаўляеце на рускай мове? Трэба на роднай мове размаўляць. Мы ж беларусы. Наша мова такая мілагучная. Вы мне на беларускай мове ўсё гэта паўтарыце, і тады я к вам сразу прыеду. Пазнаёмімся. Кавы вып’ем.

Увогуле гэта называецца ветлівы тролінг, бадай, сёньня мала хто ім не карыстаецца ў размове з махлярамі. У кожным выпадку дасягаецца патрэбны вынік.

“Трубку сразу палажылі, — рэзюмуе Зінаіда Юр’еўна, — Іспугалісь”.

***

А, між іншым, чаму махляры так палохаюцца беларускай мовы? Трасянка — гэта пераходны этап і адначасова ўтульны схоў, дзе за мову не караюць, і беларуская душа можа пачувацца камфортна і па-за палітыкай. Трасянка — як дэклярацыя народнасьці і нацыі, але ў выглядзе народнасьці, а ня нацыі. То бок пэўны дазволены народны ўзровень. Тады як уласна беларуская мова выглядала б як выклік для цяперашняй улады.

Зінаіда Юр’еўна, якая карыстаецца трасянкай, перасыпае свае маналёгі цытатамі з фільмаў і кніг — для саліднасьці і жывасьці дачыненьняў:

“Багата талантамі наша беларуская зямля”, “Людзей неінцярэсных у мірэ нет. Так яшчэ Амар Хаям пісаў”. І зараз жа — дзеліцца досьведам, вядомым кожнаму з жыцьця. “Вада за варатнік льецца, а зонцік браць беспалезна — у руках зламаецца як тая трасьцінка. Кароча, наш мінскі наябар”. “Пагода ў тот вечар стаяла такая, какую і ўрагу не пажэлаеш. Пройдзеш пару метраў — і ўжо хлябі нябеснай поўныя сапагі”.

***

Разам з тым трасяначнік усьведамляе сваё сацыяльна прыніжанае становішча і, акцэнтуючы на сваім паходжаньні, унутрана быццам аспрэчвае яго:

Сын Зінаіды Дзіма, той, які эміграваў у Польшчу, гаворыць праз вайбэр з бацькамі чыста па-беларуску, літаратурна:

— Прывітаньне, мама! А тата дзе?
— Да ўсё нармальна, — сказала я. — Тут проста ў папы твайго праблемы.
— Па мяне прыходзілі? — памрачнеў наш Дзімка.
—  Не-не-не, — сказалі мы з Толікам хорам. — Ніхто не прыходзіў, усё ціха-спакойна.

А вось герой, за якім сочыць у працэсе свайго расьсьледаваньня Зінаіда Юр’еўна, гаворыць са сваёй жонкай па-расейску:

“Хоць, канешне, есьлі па іхняму разгавору судзіць, то людзі ані інцілягентныя. Із харошай сям’і. Гаварат, как па пісанаму. Не то што мы, галыцьба”

Такой самай расейскай мовай гавораць і Дзяніс, які прадае старыя фотаздымкі. Па-расейску дачыняюцца і хуліганы, якія нападаюць на Зінаіду ў цёмным завулку, хоць па стылістыцы гэта мусіў быць мат. І адна маладзенькая вагонаважатая, якая ўрэшце наехала на Зінаіду на трамваі: “— Вы живы? — спрасіла яна з ужасам”.

Гэты матыў — сацыяльнага самавызначэньня трасяначнікаў, паўтараецца, напрыклад, і ў развагах пра завушніцу ў вуху мужчыны.

“Я нядаўна ў аднаго такога праязной правярала. У аўтобусе дваццаць первым, у Шабанах. Сядзіць возле акна, як абізьяна. Мала таго, што ў каждым вуху па сярге жэнскай, дык ён сабе яшчэ і ў нос сярожку павесіў. Ну вот што ў хлопца далжно ў мазгах зламацца, якія шарыкі за ролікі далжны ў галаве заехаць, штоб ён сабе яшчэ і ў нос калечка засунуў. А гэты сядзіць і ўніманія ні на каго не абрашчае. Можа, яшчэ і гардзіцца сабой. Вот, мол, какой я асобенны, з кальцом у насу. Не то што вы, халопы. Следушчы раз, відна, ашэйнік сібе павесіць сабачы і ў такім відзе ў абшэсцвенны транспарт сядзе. Праўда, праезд аплаціў. І на том, как гаварыцца, спасіба”

Відавочна, аўтар мае філялягічныя схільнасьці і добра арыентуецца ў тонкасьцях пераходаў між рознымі правапісамі, пра што я раблю выснову хоць бы і са слова “первакласьнік”, напісанага зь мяккім знакам. Можна меркаваць, што і сьветапоглядна аўтар — беларускі чалавек, і ў наступным эпізодзе або імкнецца спрастанародзіць сваю гераіню-апавядальніцу, або шыфруецца для бясьпекі. Або іранізуе. Гаворка ідзе пра менскі парк пяцідзесяцігодзьдзя Вялікага Кастрычніка і пра сына гераіні, які зьехаў у эміграцыю:

“Дзімка мне ўсё даказываў, што нада этат наш парк Паркам 25 сакавіка назваць. Марта, то есть. Празнік у ніх там какой-та. Забыла ўжэ какой”.

І ўсё адно ў Зінаіды Юр’еўны пасярод трасянкі не-не дый прарываецца беларуская мова:

“І такое ў мяне паявілась чуўства, што хто-та за мной із-за дзярэўяў сьлядзіць. Пільнуе, як той казаў”.

Але факт той, што па-беларуску навокал амаль ніхто не гаворыць, і перамагае мімікрыя “пад усіх”. Так камэндантка інтэрнату расказвае Зінаідзе Юр’еўне пра забітага жыхара яе ўстановы:

— Косця нармальны мужчына быў… Ну как нармальны… Страннаваты, канешна… Ну, ва-первых, беларуская мова. Он пачаму-та на роднай беларускай мове гаварыў. Не знаю, у чом там прычына была. Но он стараўся толька на роднай мове. Есць такія людзі. Пападаюцца інагда.

***

Але вярнуся да джазавага стандарту, зь якога пачаў гаворку. Прыгадаў, як у дзяцінстве я зачытваўся сэрыяй дэтэктываў пра Авакума Захава аўтарства балгарскага пісьменьніка Андрэя Гуляшкі. Сэрыя добра запомніліся менавіта сваёй атмасфэрай, дажджамі ў гарах дзесьці ў прадмесьцях Плоўдзіва… У прынцыпе гэта была тыповая для клясычных дэтэктываў сытуацыя — штосьці здаралася, герой рабіў расьсьледаваньне, а западала ў доўгую памяць, як правіла, не інтрыга забойства, а прыдуманы аўтарам атмасфэрны антураж. Тое ж і ў кнізе “Наступны прыпынак сьмерць”. Менскі антураж аказваецца больш  важкі за дэтэктыўную інтрыгу.

“Мятро, канешна, тожа палезнае ізабраценіе, но вот, палажа руку на сэрца — ну што ты ў метро ў акно увідзіш? Самога сябе хіба што. Едзь і сматрысь на сябе как у зеркала, да галавакружэнія. Хоць увесь горад насквозь праедзь, нічога асобеннага не пабачыш.

А трамвай — другое дзела. Тройкай — ад завадскіх акраін чэраз цэнтр да самага быўшага дварца піянераў. Ілі шасцёркай, у Зялёны Луг, адзін з самых красівых і ўхожаных раёнаў сталіцы. Ілі сямёркай, на вакзал. Везьдзе парадак, усё дышыт жызьню, што налева пасмотрыш, што направа, што ззадзі. Што тут гаварыць, харошыя маршруты шасьцёрка, сямёрка і тройка, жывапісныя і пазнавацельныя. Я вабшчэ шчытаю, што кагда па горадзе бегае трамвайчык — значыць, есць у горада жывая душа. Можа кагда-нібудзь і адменяць у Мінску трамвай. Кагда нас тут ужэ не будзет. Можэт, і праўда спішуць трамвайны транспарт на звалку історыі. Эта ужэ патомкам рашаць. А я б аставіла. Што за Мінск без трамвая”

***

Другое, што запамінаецца — галоўны герой. Джэймс Бонд. У нашым выпадку — гэта сама кантралёрка ў транспарце Зінаіда Юр’еўна — максымальна адкрыты тыпаж у сацыяльным пляне. Па сутнасьці гэта і ёсьць Джэймс Бонд, працяг прыгодаў якога пасьля сьмерці Яна Флемінга зьбіраўся пісаць Андрэй Гуляшкі, чаму аднак запярэчылі прадстаўнікі аўтара арыгінальнага Бонда.

І свой Санча-Панса тут ёсьць, доктар Ватсан — напарнік у кантралёрстве Гаркавы. Украінскае прозьвішча — ад мянушкі картавага чалавека.

“Прафесія ў Лены самая раманцічаская. Яна — вадзіцель трамвая. Трамвай па Мінску вадзіць — гэта як быць капітанам дальняга плаваньня. Ну пачці”.

Згадваецца іншы ўдалы літаратурны стандарт, прыгодніцкая аповесьць для падлеткаў пад назвай “Капітан лятучая рыба”. І літаратура наша выглядае капітанскай, прынамсі калі працуе зь літаратурнымі стандартамі на бездакорным узроўні.