“Сабакі Эўропы” Бахарэвіча выходзяць па-польску

Раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” неўзабаве выйдзе з друку ў польскім Wydawnictwo Literackie. Пераклад на польскую мову здзейсніла Яанна Бернатовіч. Продажы стартуюць 9 верасня, а цяпер кніга ўжо даступная для папярэдняга заказу.

“Для мяне гэта вялікая радасьць і гонар, — піша ў Facebook Альгерд Бахарэвіч. — Мая галоўная кніга, раман “Сабакі Эўропы”, выходзіць у адным з найлепшых і самых вядомых у сьвеце польскіх выдавецтваў, кракаўскім Wydawnictwo Literackie. На польскую мову раман пераклала цудоўная і добра знаёмая беларусам Яана Бэрнатовіч, за што ёй бязьмежная ўдзячнасьць, бо пераклад “Сабакаў” — ня менш манумэнтальная праца за іх стварэньне”.

Альгерд Бахарэвіч анансаваў адмысловую прэзентацыю рамана 15 верасня ў Варшаве, падрабязнасці будуць пазней.

Як паведамляў Bellit.info, Альгерд Бахарэвіч стаў лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення 2025 (Leipziger Buchpreis zur Europäischen Verständigung) за раман “Сабакі Эўропы”. Журы адзначала, што аўтару ўдалося стварыць “вар’яцкую літаратурную візію будучыні” ў сваім “рамане, які змушае трашчаць па швах традыцыйную нарацыю”. А перакладчык рамана на нямецкую мову Томас Вайлер атрымаў прэмію Паўля Цэлана.

На сённяшні момант “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча перакладзены на нямецкую, расейскую і польскую мовы. Ідзе праца над нарвежскім і дацкім перакладамі.