Рэмарк, Янкута, Вайтоўская: анонсы выдавецтва “Янушкевіч”

Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад новых кніг.

“Неўзабаве пачнецца восень і, як заўсёды, мы рыхтуем навінкі на гэты час. — піша выдавецтва. — Літаральна праз пару дзён у друк будзе здадзены раман Эрыха Марыя Рэмарка “Чорны абеліск” (у перакладзе Іны Хоміч). Апошні і адзіны раз кнігі гэтага знакамітага аўтара ў арыгінальным перакладзе на беларускую мову выходзілі ў 1994 годзе (гэта былі “Тры таварышы” ў перакладзе Уладзіміра Папковіча).

Таксама зусім хутка ў друк пойдзе раман Ганны Янкуты “Час пустазелля”, навеяны падзеямі і роздумамі апошніх трох гадоў. Упэўненыя, гэтая кніга знойдзе вялікую чытацкую аўдыторыю.

Заканчваем працу над падрыхтоўкай другой кнігі “Гарэзлівага пацалунку” ад Евы Вайтоўскай. Першая частка выйшла ў 2020 годзе і шмат каму палюбілася, стала хітом сярод моладзі і не толькі.

Кіпіць праца над беларускім выданнем рамана ўкраінскага пісьменніка Сяргія Жадана “Месапатамія”, у перакладзе Віталя Латыша і Андрэя Хадановіча. Вельмі незвычайная кніга. Выхад плануецца ў кастрычніку.

Да канца верасня выйдзе новая кніга Сяргея Плескача “Дзіўная місія”. Доўга мы яе рыхтавалі, але зараз ужо дакладна знаходзімся на фінішнай дарозе. Невялікая аб’ёмам, але дужа цікавая сваім зместам і сюжэтнымі паваротамі аповесць выдатнага беларускага пісьменніка.

Гэта тое, што мы плануем выдаць у верасні – кастрычніку. Ідзе праца і над іншымі кнігамі. Але пра гэта раскажам пазней.

І напрыканцы паведамляем, што мы набылі правы на беларускае выданне культавага рамана Айны Рэнд “Atlas shrugged” (Атлант расправіў плечы, Атлант збунтававаўся – яшчэ не вызначыліся, як будзе гучаць тытул па-беларуску). Гэта ўдалося здзейсніць дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы беларускага мецэната з Гданьска”.