Згодна з заявай пракуратуры горада Мінска кнігі “Выбраныя творы” Вацлава Ластоўскага (1997 год выпуску) і “Выбраныя творы” Алеся Петрашкевіча (2017 год выпуску) былі прызнаныя судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Абедзве кнігі выходзілі ў рамках выдавецкага праекта «Беларускі кнігазбор».
ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ (1883 — 1938) — рэпрэсаваны беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928), паходзіць з Глыбоччыны. З сакавіка 1909 жыў у Вільні. У 1909—1914 быў рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва». Рэдагаваў часопісы «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916—1917). Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры.
Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў у прыватным выдавецтве, сам удзельнічаў у іх напісанні.
У 1918—1919 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым беларускі аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР, але быў арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919, вызвалены ў лютым 1920, тады пераехаў у Рыгу, потым у Коўна (Каўнас).
У 1923—1927 выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Быў запрошаны Інбелкультам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой быў абраны старшынём Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін у красавіку 1927 пераехаў у БССР.
Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1928 стаў акадэмікам БелАН. Працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.
21 ліпеня 1930 быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937. 23 студзеня 1938 асуджаны на расстрэл «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім — 16 верасня 1958. Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.
Друкаваўся пад псеўданімамі Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш. Аўтар фантастычнай аповесці «Лабірынты» (Коўна, 1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Францыска Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і іншых, успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), ангельскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў.
Нядаўна быў створаны комікс пра адну са старонак жыцця Вацлава Ластоўскага — пра паездку на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу ўвосень 1926 года.
А выдавецтва Skaryna Press упершыню пад адной вокладкай выдала досыць поўны збор мовазнаўчых тэкстаў Вацлава Ластоўскага. Гэта каля сямідзесяці артыкулаў і нататак рознага аб’ёму, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў перыядычных выданнях і календарах.
ПІСЬМЕННІК І ДРАМАТУРГ АЛЕСЬ ПЕТРАШКЕВІЧ нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна. У 1955 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Загадчык аддзела культуры ЦК КПБ (1976—1979). У 1975—1976 гадах — рэктар Мінскага інстытута культуры. У 1967—1975, 1979—1991 гадах адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва Беларуская савецкая энцыклапедыя. У 1991—1998 гадах кіраваў арганізацыйна-метадычным цэнтрам па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». У 1961 годзе стаў членам Саюза журналістаў Беларусі, у 1974 годзе членам Саюза пісьменнікаў БССР. Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1970 года.
Друкавацца пачаў у 1954 годзе. Аўтар апавяданняў, фельетонаў, нарысаў. Працаваў у розных жанрах драматургіі. Пісаў сцэнарыі мастацкіх і дакументальных фільмаў. Значнае месца ў творчасці пісьменніка займала гістарычная тэматыка. “Адкуль грэх?”, “Трывога”, “Воля на крыжы” — толькі частка напісанага драматургам.
П’еса «Напісанае застаецца» (пастаўлена ў 1979 годзе) — у многім твор палемічны, з прыкметамі «п’есы-дыскусіі». Апрача Францыска Скарыны — цэнтральнага персанажа п’есы «Напісанае застаецца» — Алесь Петрашкевіч уводзіць у твор у якасці дзейных асоб Міколу Гусоўскага, Пятра Мсціслаўца, Томаса Мюнцэра, Марціна Лютэра, Максіма Грэка, Мікалая Каперніка. Каштоўнасць п’есы ў тым, што асоба Скарыны паўстае ў ёй у кантэксце яго культурных здабыткаў, з падключэннем дакументальнага літаратурнага матэрыялу, на фоне агульнаеўрапейскага Рэнесансу. Драма «Прарок для Айчыны» (пастаўлены тэлефільм у 1991 годзе) прысвечана віленскаму перыяду жыцця першадрукара. Таксама Алесь Петрашкевіч выступаў аўтарам сцэнароў для мастацкіх фільмаў.
У 2008 годзе выйшла кніга мемуараў “Крыніцы і каламуць”, у якой Алесь Петрашкевіч з уласцівай яму крытычнасцю, сарказмам, гістарычнасцю і праўдзівасцю распавядае пра падзеі і людзей, якіх ён цягам жыцця сустракаў, расказвае пра блізкія сэрцу і адчуванню месцы ды пра агіднае змаганне з усімі праявамі беларускасці на розных узроўнях. Успаміны сталі сваеасаблівай споведдзю за тое, што не ўдалося зрабіць і адначасова накірункі таго, што зрабіць яшчэ належыць.
Памёр 23 жніўня 2012 года ў Менску.