Спрэчка пра цялеснае і духоўнае ў індыйскай “Казцы на вакацыі”

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў працягвае дзяліцца “Казкамі на вакацыі” паводле твораў Уладзіміра Дубоўкі. Пятая анімаваная казка ў падарунак школьнікам і іхным бацькам ўжо даступная на YouTube.

“Чые рукі прыгажэйшыя” — пераклад індыйскай казкі, які зрабіў беларускі пісьменнік Уладзімір Дубоўка. Гэта гісторыя пра знешнюю і ўнутраную прыгажосць. Пакуль адныя спрачаюцца пра цялеснае, іншыя робяць учынкі, якія паказваюць сапраўдную прыгажосць душы. І так высвятляецца, хто чаго варты.

Тэкст чытае музыка і паэт Алесь Камоцкі. Анімацыю, як таго патрабуе індыйская эстэтыка, што не цураецца галізны, рэалізаваў мастак і музыка Андрусь Такінданг.

Класік беларускай паэзіі Уладзімір Дубоўка быў адным з найвядомейшых і ўлюбёнейшых паэтаў у 1920-я гады. Стваральнік і адзін з кіраўнікоў згуртавання “Узвышша”, ён шмат працаваў і як перакладчык, і як мовазнаўца, але найболей часу аддаваў паэзіі, у якой стаўся віртуозам і адкрывальнікам новых жанраў. У 1930 годзе, разам з сотнямі беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, быў арыштаваны па выдуманай справе “Саюза вызвалення Беларусі” і высланы за межы Беларусі. Цягам доўгіх дзесяцігоддзяў Дубоўка намагаўся выжыць у лагерах і месцах высылкі, захавацца як асоба і як пісьменнік, адольваючы самыя складаныя перыпетыі сталінскага часу. Да літаратуры ён вярнуўся толькі ў 1950-я, калі пачалася “адліга” і з былых палітычных зняволеных сталі здымаць несправядлівыя абвінавачванні.

У гэты ж час Уладзімір Дубоўка вырашае пісаць для дзяцей: стварае аповесці для малых чытачоў і для падлеткаў, піша казкі, перастварае даўнія сюжэты і прыдумляе свае. У кожнай, нават самай простай, на першы погляд, казцы аўтар закладаў складаную этычную задачу, вырашыць якую належыць самім героям.