Праграма варшаўскай канферэнцыі, прысвечанай Быкаву

6 снежня на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай “Васіль Быкаў. Літаратурная спадчына ў новай перспектыве”. Канферэнцыя прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка.

У праграме канферэнцыі — 16 дакладаў. Выступяць даследчыкі з Польшчы, Беларусі, Нямеччыны, Чарнагорыі і нават Канады. Многія імёны добра вядомыя тым, хто цікавіцца беларускімі пытаннямі, піша “Будзьма”.

Адкрые форум культуролаг Юлія Чарняўская, якая прапануе паглядзець на Васіля Быкава скрозь прызму антрапалагічных выклікаў сучаснасці. Вядомая перакладчыца і даследчыца Інэса Кур’ян раскажа пра творчасць пісьменніка ў кантэксце “культуры высокага кантэксту”, а выкладчыца кафедры, даследчыца сучаснай беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньска закране тэму жаночых вобразаў у прозе пісьменніка. Таксама будуць разважаць пра пераклады, кінаготыку экранізацый і абавязкова “голас вайны”, які шмат у чым перадвызначыў творчасць пісьменніка. 

“Мая тэма — адносіны Быкава з цэнзурай, жахлівай з’явай савецкай рэчаіснасці, калі пісьменнікі альбо зусім не маглі друкаваць свае творы, альбо — як у выпадку Быкава — выпускалі іх з вялікім праўкамі. І вось я хацеў паглядзець, як Васіль Быкаў быў змушаны рэагаваць на ўсе гэтыя заўвагі цэнзараў, на заўвагі спецыяльнай камісіі, якая існавала пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі ці пры часопісах, дзе друкаваліся ягоныя аповесці. Цікава было прааналізаваць, што яны хацелі ад Быкава і ў якім напрамку ішлі цэнзарскія праўкі”, — расказвае арганізатар канферэнцыі, загадчык кафедры беларусістыкі прафесар Андрэй Масквін.

Уваход на канферэнцыю вольны. Арганізатары чакаюць як зацікаўленых пытаннямі беларускага літаратуразнаўства, так і проста захопленых чытачоў быкаўскай прозы, дзякуючы якой пра Беларусь ведае ўвесь літаратурны свет.

Азнаёміцца з поўнай праграмай канферэнцыі можна тут.

Калі: 6 снежня з 10.00 да 15.00
Дзе: Факультэт прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Dobra, 55 аўдыторыя 3.037
Спасылка на ўдзел анлайн.

Усе падрабязнасці — на сайце кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта