Выдавецтва Słowianka адкрыла перадзамову на сваёй інтэрнэт-старонцы на тры новыя дзіцячыя кнігі: казку ад Маляваныча, гісторыю ад Аляксандры Хамянок ды пераклад з партугальскай Аны Марыі Машаду. Замовіць можна як кожную кнігу асобна, так і камплектам.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), які зусім нядаўна дэбютаваў як аўтар, напісаў новую казку — “Бяздомны дом”.
А навінка “Клаша, (не)звычайная дзяўчынка з дзявятага паверху” ад аўтаркі вядомага многім “Італьянскага падарожжа” Аляксандры Хамянок. “Клаша” – гэта зборнік цікавых і дзіўных, месцамі трошкі шчымлівых апавяданняў пра незвычайную сляпую дзяўчынку, якая бачыць рукамі і сэрцам.
“Жыў-быў Тыран” – бразільская казка Аны Марыі Машаду з ілюстрацыямі Габара Гэсці. Гэта дзіцячая кніга ўпершыню выйшла ў Бразіліі яшчэ ў 1982 годзе. А цяпер, праз 40 год, з ініцыятывы бразільскай беларускі і аўтаркі перакладу Волі Ермалаевай-Франко Słowianka выдае яе для беларускіх чытачоў і запэўнівае, што ў бразільскай казкі шчаслівы фінал.
Усе кнігі палануюць надрукаваць у снежні.