Папярэдні заказ трэцяй кнігі пра Ката Шпрота

Выдавецтва “Янушкевіч” адкрыла папярэдні заказ на трэцюю кнігу з дзіцячай серыі аўтарства Ганны Янкуты. Новая частка называецца “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”. Старт продажаў у “Кнігаўцы” запланаваны на 26 ліпеня. На папярэднім заказе дзейнічае зніжка 10 %.

Насамрэч, кніга “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік” была напісаная аўтаркай яшчэ тры гады назад, але толькі зараз выходзіць на паперы, у тым ліку дзякуючы падтрымцы чытачоў. Раней існавала толькі аўдыяверсія ад ініцыятывы “Кніжны Воз”.

Вобраз Ката Шпрота ў трэцяй частцы ўсё так жа належыць пэндзлю ілюстратаркі папярэдніх частак Ліліі Давыдоўскай.

З анатацыі:

У ваколіцах завулка Калініна дзеецца нешта незразумелае. Чаму Алесь не паспявае выканаць на кантрольнай усе заданні? Хто зламаў любімы зэдлік Жан-Жаха? І чаму ў горадзе пахне грыбамі? Калі загадак робіцца занадта шмат, кату Шпроту і яго сябрам, прывідам Мары, Жан-Жаху і Зязюлі, застаецца толькі адно – выправіцца на пошукі разгадак. І яны прыводзяць іх да вежы гадзіннікавага завода.

Ілюстрацыя Ліліі Давыдоўскай да першага раздзела кнігі “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”

Замовіць трэцюю кнігу можна праз сайт выдавецтва “Янушкевіч”. Таксама можна папярэдне замовіць і набыць увесь камплект з трох кніг пра Ката Шпрота.

Выдавец папярэджвае, што пад папярэдні заказ будуць афармляцца толькі адразу аплачаныя заказы праз інтэрнэт. Заказы пад самавываз і аплату ў кнігарні будуць анулёўвацца.