Ініцыятыва “Беларускія Магістраты” запускае новы фармат — “Кніжны Магістрат”, задача якога акумуляваць рэсурсы і спрыяць развіццю беларускага кніжнага рынку ў доўгатэрміновай перспектыве.
Магістрат — гэта суполка ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду вызначанаю сумаю грошай падтрымліваць перспектыўны праект беларускай справы альбо дапамагаць развязанню пэўнай праблемы. Удзельнікі магістрату выбіраюць ініцыятыву, арганізацыю ці мэнэджара/мэнэджарку, што можа ажыццявіць праект, і дамаўляюцца пра суму грошай, перыядычнасць і тэрмін падтрымання. Спосаб кантролю за ініцыятывай і фармат збору грошай у кожным магістраце абмяркоўваюцца асобна.
“Удзельнікі [Кніжнага] Магістрата ахвяруюць у агульную скарбонку штомесяц ад 10 да 100 даляраў. Пасля супольным галасаваннем вырашаюць, на які праект пойдуць сабраныя грошы. Колькасць галасоў залежыць ад сумы ахвяравання, — тлумачыць механізм працы ініцыятывы прадстаўнік Рады Культуры, кіраўнік праекта Беларускія Магістраты Цімох Акудовіч, — Якраз па выніках такога галасавання было вырашана, што першыя сабраныя сродкі пойдуць на інвестыцыю ў выдавецтва Gutenberg для выдання рамана “Халодныя землі“ Аляксандра Карнаўха“.
Ініцыятары гавораць, што у межах Магістрата імкнуцца не проста падтрымліваць выданне асобных кніг, але і шукаць спосабы развіцця цэлых сегментаў рынку. Менавіта таму іх зацікавіла прапанова Gutenberg Publisher укласціся ў адзін з іх праектаў у выглядзе інвестыцыі. Гэта значыць, што выдаткаваныя грошы вернуцца, а выдавецтва атрымае абаротны капітал, які дазволіць выдаць больш кніг за год.


У такім жа рэчышчы мяркуецца шукаць і наступныя праекты для інвестыцый — каб за адносна невялікія сродкі атрымаць адчувальны эфект для кніжнага рынку.
ЯК ГЭТА ПРАЦУЕ
Унутры Магістрата будуецца ўсё даволі сур’ёзна: выбараецца кіраўнік, “пітчацца” ідэі, праводзяцца галасаванні па розных пытаннях. Пры гэтым не ствараецца залішняя бюракратыя і многія рэчы працуюць на даверы.
Першы набор удзельнікаў кніжнага фармату рабіўся сярод сталых спонсараў папярэдніх Магістратаў. Цяпер у ініцыятыве 24 асобы. Цяпер плануецца пашырыць кола ўдзельнікаў і набраць яшчэ 20-30 чалавек сярод знаёмых тых, хто ўжо далучаны да ініцыятывы, каб адпрацаваць механікі на большай супольнасці і рабіць больш карысных рэчаў нават у гэты тэставы перыяд. А поўнасцю ўваход адкрыецца прыкладна праз паўгода.