Выдавецтва Gutenberg анансавала выхад дзвюх кніжак у лютым: арыгінальнага дэтэктыўна-містычнага рамана Аляксандра Карнаўха “Халодныя землі” і перакладнога рамана першай жанчыны-лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Пэрл Бак “Вецер з Усходу, Вецер з Захаду”.
18 лютага мае выйсці раман амерыканскай пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Пэрл Бак. Кнігу “Вецер з Усходу, Вецер з Захаду” пераклала з ангельскай мовы Кацярына Несцяровіч.
![](https://bellit.info/wp-content/uploads/2025/02/476163774_17936214017972331_7056191557585861407_n-819x1024.jpg)
Галоўная гераіня рамана — Квэй-лан — не змагарка і не рэвалюцыянерка. Яна —жанчына, якая вучыцца разважаць і разумець саму сябе. Квэй-лан нарадзілася ў Кітаі, дзе традыцыі моцныя, як каменныя сцены. Яна вучылася слухацца, захоўваць сямейны гонар, быць годнай дачкой і жонкай. Але муж, які атрымаў заходнюю адукацыю, паказаў ёй, што можна жыць інакш — не руйнуючы мінулае, а спалучаючы налепшае з традыцый і прынцыпаў здаровага розуму.
Гэта кніга пра гармонію паміж культурай і сучаснасцю, пра мудрасць, якая не ў сіле, а ў разуменні жыцця, пра пераўтварэнне, якое не адкідае карані, а ўзбагачае іх.
28 лютага плануецца выхад дэбютнага рамана беларускага пісьменніка Аляксандра Карнаўха “Халодныя землі”, у якім перамяаліся містыка, трылер, фальклёр і каханне.
![](https://bellit.info/wp-content/uploads/2025/02/476441202_17936326556972331_8014601080159094123_n-819x1024.jpg)
Калі ты жывеш каля Прорвы, прасцей паверыць у ваўкалакаў, чым у бесперабойную мабільную сувязь. Але наш галоўны герой — гарадскі. Выкладчык універсітэта Антось страчвае вернага сябра, бігля Аргуса. У той жа час жонка вырашае, што іх шлюб сябе вычарпаў. Шукаючы нейкага хобі, каб заняць галаву, Антон пагаджаецца дапамагчы знаёмай і разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, знойдзеных на гарышчы ў адной з вёсак непадалёк ад Прорвы – балота, ля якога жыў і дзед галоўнага героя. Сшыткі пісаныя зютэрлінам, цяпер ужо забытым нямецкім шрыфтам. Паддаюцца толькі асобныя словы, але чым болей герой разумее, тым з большай трывогай глядзіцца ў люстэрка.
Абедзве кнігі можна замовіць папярэдне і гэтак падтрымаць выдавецкія праекты.