Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад рамана Марыям Петрасян “Дом, у якім…” у беларускім перакладзе. Твор пра закрыты інтэрнат для дзяцей-інвалідаў у стылі магічны рэалізм адпраўлены ў друк.
Раман армянскай мастачкі і пісьменніцы Марыям Петрасян, у арыгінале напісаны па-расейску, быў апублікаваны ў 2009 годзе, хаця пачала аўтарка яго пісаць яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Твор уяўляе сабой яркае і своеасаблівае апісанне незвычайнага закрытага мікрасоцыуму, раскрывае праблемы і нюансы адаптацыі навічка ў калектыве. Месца і час дзеяння наўмысна абстрактныя, значную ролю ў сюжэце адыгрываюць фантастычныя матывы.
Гэта гісторыя пра асобны свет са сваімі законамі, мянушкамі, іерархіяй і таямніцамі, які існуе ўнутры Шэрага Дома на ўскраіне горада. Дом — не проста месца, а сусвет, які або прымае, або выштурхоўвае сваіх насельнікаў.
Беларускае выданне выходзіць з ілюстрацыямі Ліхтарыка і White?Rabbit у цвёрдай вокладцы на амаль 800 старонках. Пераклад зрабіў Знадворны Самазванец.
Кнігу са зніжкай можна ўжо цяпер перадзамовіць на сайце выдавецтва: Gutenbergpublisher.eu.






