У Нямеччыне ў межах ініцыятывы “33 кнігі для іншай Беларусі”, якую праводзяць Ірына Герасімовіч і Сільвія Засэ, выйшла супольная публікацыя выдавецтваў “Логвінаў” і “Suhrkamp” — кніга Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар” на беларускай мове.
“Дакументальны тэкст Святланы Алексіевіч, напісаны ў 1983 годзе і апублікаваны на расейскай мове ў часы Савецкага Саюза ў 1985 годзе, апавядае пра жанчын, якія ваявалі ў Чырвонай Арміі падчас Другой сусветнай вайны, але так і не сталі часткай калектыўнай памяці. Яны дзеляцца з аўтаркай аповедамі пра вайну, пра смерць і забойствы, пра бруд і паскуддзе, пра тэрор і ваенныя злачынствы, пра раны, боль і голад. Ды расказваюць пра тое, як пра іх забыліся. Як і ў іншых сваіх кнігах, Святлана Алексіевіч дае прастору галасам тым, хто застаецца незаўважаным”, — гаворыцца ў апісанні кнігі на сайце ініцыятывы.

Беларуская версія кнігі, якая выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” у 2018 годзе, карысталася вялікай папулярнасцю, з аднаго боку, дзякуючы бліскучаму перакладу філосафа і пісьменніка Валянціна Акудовіча, а з другога — як важны знак пераадолення падзелу паміж беларускамоўнай і расейскамоўнай літаратурнымі сцэнамі Беларусі. І вось цяпер выходзіць перавыданне ў межах кампаніі “33 кнігі для іншай Беларусі” як вынік супрацоўніцтва выдавецтваў “Логвінаў” і “Suhrkamp”. Нямецкамоўнае выданне кнігі выходзіла ў “Suhrkamp” у 2015 годзе.
Купіць кнігу “У вайны не жаночы твар” Святланы Алексіевіч можна праз сайт нямецкага выдавецтва www.suhrkamp.de.