Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад і прэзентацыю дзвюх навінак 26 ліпеня на фэсце “Летуцень”, які пройдзе ў Кракаве. Гэта будуць кнігі, якія летась перамаглі ў конкурсе рукапісаў “Шуфлядка”: “Цягнік да Познаня” Аляксея Правалоцкага і “Хто ты, дрон?” Ганны Кручковай.

Зборнік эсэ “Цягнік да Познаня” Аляксея Правалоцкага перамог у конкурсе рукапісаў “Шуфлядка” ў намінацыі “Нон-фікшн” за 2024 год. Гэта другая кніга аўтара (дэбютны зборнік “Жыццё ў дванаццаці апавяданнях” выйшаў у 2024 годзе).
Анатацыя:
У новай кнізе вас чакаюць пяцьдзясят гісторый пра жыццё без каталіцкага пашпарта і спробу намацаць абрысы новай краіны. Гэта серыя партрэтаў сапраўдных людзей, збольшага палякаў, выхапленых у розных польскіх гарадах і прапушчаных праз эмігранцкі досвед, настальгію і водгалас беларускай траўмы. Некаторыя персанажы з’яўляюцца толькі раз, некаторыя ўсплываюць у розных гісторыях.
Мастак вокладкі Юра Таўбкін.
У тым жа 2024 годзе ў конкурсе ў намінацыі “Творы для дзяцей” перамагла Ганна Кручкова з кнігай “Хто ты, дрон?”, якая падыйдзе дзецям ад 9 да 12 гадоў.
Анатацыя:
2028 год. Адзінаццацігадовая Паліна жыве ў мястэчку каля запаведніка, і яе займаюць тры важныя пытанні.
1. Чаму ваўкі раптам пачалі выходзіць з лесу і нападаць на людзей?
2. Адкуль узяўся дзіўны аўтаномны нейрадрон, які раптам прызямліўся на яе дах?
3. І галоўнае: што стала з бацькам, які знік у джунглях, ратуючы звяроў ад браканьераў?
У пошуках адказаў Паліне давядзецца раскрыць страшнае злачынства і даведацца неймаверную праўду, якая разарве ёй сэрца, але і адкрые дзіўны свет.


Кнігу праілюстравала мастачка Кацярына Першына.
Абедзве кнігі можна замовіць проста цяпер праз сайт выдавецтва (Цягнік да Познаня” Аляксея Правалоцкага і “Хто ты, дрон?” Ганны Кручковай). Адпраўка поштай пачнецца 28 ліпеня.