У Быдгашчы выйшаў збор публіцыстыкі Альбіна Стаповіча

Выдавецтва Універсітэту Казіміра Вялікага ў Быдгашчы выпусціла фундаментальны збор публіцыстычнай спадчыны беларускага палітыка і музыказнаўцы міжваеннага часу Альбіна Стаповіча. Кніга — плён шматгадовай працы праф. Алены Глагоўскай.

Альбін Стаповіч (1894—1934) — адзін з найпрыкметнейшых беларускіх дзеячаў у Вільні ў 1920-я — 1930-я гады. Выкладчык і кіраўнік хора Віленскай беларускай гімназіі, віцэ-старшыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, выдавец газеты “Беларуская крыніца”. Некалькі гадоў быў прадстаўніком беларускіх інтарэсаў у польскім Сойме (абраны паслом у 1928 годзе). Памёр у Вільні ў 1934 годзе, пахаваны на могілках Росы.

За сваё нядоўгае жыццё Стаповіч напісаў нямала публіцыстычных артыкулаў. Пачаўшы ад нататак у “Нашу Ніву” ў 1912 годзе, не спыняў працу да самых апошніх дзён. У кнізе “Ад музыкі да палітыкі”, укладзенай Аленай Глагоўскай, змешчана больш за 100 тэкстаў з беларускіх газет, прамовы пасла Стаповіча ў польскім парламенце, а таксама больш за 90 артыкулаў для ліберальнай польскай газеты “Przegląd Wileński”, якая выступала за супрацоўніцтва з беларусамі.

Апрача самога збору публіцыстыкі, які абымае 450 старонак вялікага фармату, кніга змяшчае багаты ілюстратыўны матэрыял з літоўскіх, польскіх і беларускіх архіваў. Асабліва вылучаецца комплекс паштовак і фотаздымкаў 1910-х — 1930-х гг., якімі з Аленай Глагоўскай падзяліліся нашчадкі Стаповічаў. Сярод іх нямала месца аддадзена ліставанню з братам Кастусём Стаповічам (паэтам Казімірам Сваяком). Фота і паштоўкі пададзеныя каляровым друкам.

Завяршаецца кніга падрабязным бібліяграфічным апісаннем, куды ўключаныя архіўныя матэрыялы пра Альбіна Стаповіча, прысвечаныя яму навуковыя працы, а таксама поўная бібліяграфія ягоных уласных публікацый.

Кніга Альбіна Стаповіча “Ад музыкі да палітыкі” з’яўляецца карысным дапаможнікам па гісторыі палітычнай думкі Заходняй Беларусі, а таксама грунтоўным даведнікам па музыказнаўстве. Абедзьве праявы Стаповіча пададзеныя ў гэтым томе ў поўным аб’ёме.

Ціхан Чарнякевіч, для bellit.info