У выдавецтве ЕГУ выйшла манаграфія Ірыны Раманавай “Трэскі лятуць: дзеці спецпасяленцаў. Беларусь-Котлас-Беларусь” у якой даследуюцца сацыяльна-псіхалагічныя і маральна-этычныя наступствы раскулачвання і прымусовых дэпартацый у СССР.
Палова кнігі складаецца з двух глыбінных інтэрв’ю з ацалелымі “дзецьмі Котласа” (горад у Архангельскай вобл. Расеі), далучаны таксама комплекс дакументаў, у якіх паказваюцца катастрафічныя ўмовы жыцця спецперасяленцаў.
Дзякуючы гэтаму аўтарка выходзіць за межы апісання рэпрэсій і аналізуе лімінальны статус пацярпелых, механізмы канструявання “прэзумпцыі вінаватасці” ў савецкім грамадстве і яе ўплыў на жыццёвы шлях тых, хто выжыў, і іх дзяцей.
Ірына Раманава разглядае складанае перапляценне дзяржаўнага гвалту, індывідуальнай ідэнтычнасці, калектыўнай памяці і барацьбы за годнасць. Таталітарны гвалт рэверберуе праз пакаленні, а памяць становіцца полем супраціву: пошук прызнання і справядлівасці працягваецца нават за адсутнасцю інстытуцыянальнага вырашэння.

Першая жывая прэзентацыя кнігі адбылася ў межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Вільні.
Загалоўнае фота: Daria Bernstein/DW






