“Мяне Няма” выдае навінку Уладзіміра Сцяпана — перадзаказ

Выдавецтва “Мяне Няма” анансавала выхад новай прозы Уладзіміра Сцяпана з назвай “Ваўка”. Кнігу складаюць кароткія замалёўкі, аповеды пра жыццё, што паўсталі з мікса мастацкай дакументалістыкі і аўтафікшна.

“Гэта кніга апавяданняў і мініяцюр Уладзіміра Сцяпана ўмацоўвае яго рэпутацыю аднаго з найлепшых айчынных майстроў малой прозы. Лаканічныя, празрыстыя тэксты, у якіх няма ніводнага лішняга слова, зробленыя паміж мастацкай дакументалістыкай і аўтафікшнам. На першы погляд яны належаць да традыцыі чыстага рэалізму, але пры ўважлівым чытанні лёгка пабачыць, што аўтар адкрывае ў сваіх героях спрадвечную душу беларускага народа”, — гаворыцца ў анатацыі ад рэдактара кнігі “Ваўка” Андрэя Дудко.

Выдавецтва “Мяне Няма” адкрыла папярэдні заказ на кнігу і менавіта паводле колькасці замоваў будзе вызначацца будучы наклад. Рассылка гатовых навінак плануецца ў другой палове траўня. Замовіць можна праз сайт выдавецтва: mnnm.store.