Афіша літаратурных і калялітаратурных мерапрыемстваў на перадкалядны тыдзень.
18 снежня
У Варшаве пройдзе літаратурная сустрэча “З цвёрдай верай і словам агнёвым”: (Не)расстраляная беларуская паэзія”. Весці імпрэзу будзе Кшыштаф Чыжэўскі.
У 1930-я сталінскім НКУС было знішчана цэлае пакаленне таленавітых беларускіх літаратараў. Апагеем стала Чорная ноч з 29 па 30 кастрычніка, калі стрэлам у патыліцу было забіта больш за сто чалавек з беларускай інтэлектуальнай эліты. Сярод іх Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Ізі Харык, Зяма Півавараў, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Мойшэ Кульбак, Юлі Таўбін і многія іншыя.
Запрашаем на імпрэзу, каб вярнуць памяць пра выбітных беларускіх аўтараў. На мерапрыемстве таксама выступяць Андрэй Хадановіч, Ева Вежнавец, Віталь Рыжкоў, Ганна Янкута, Багдан Задура, Уладзь Лянкевіч, Адам Паморскі і Кшыштаф Чыжэўскі.
Акрамя чытанняў паэтаў па-беларуску і ў польскіх перакладах будзе дыскусія вакол важных пытанняў:
✔️ ці становяцца нам расстраляныя беларускія паэты бліжэй за апошнія гады рэпрэсій і вайны;
✔️ як літаратары Чорнай ночы перакладаюцца на іншыя мовы;
✔️ чаму яўрэйскія паэты не мелі шанцаў выжыць у Беларусі ў 1930-я;
✔️ які лёс напаткае беларускую паэзію надалей.
Арганізатары: Польскі ПЭН-клуб і Мемарыял Польскі
Месца: Варшава, Дом літаратуры, Krakowskie Przedmieście 87/89
Дата: 18 снежня
Час: 19:00 (па Варшаве)
Уваход вольны.
19 снежня
19 снежня ў 18:30 у зале Францыска Скарыны Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні пройдзе прэзентацыя новай кнігі лектара ЕГУ, даследчыка, мастацтвазнаўцы і гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага «Мінск у мастацтве. Вобразы горада розных эпох». Больш пра кнігу чытайце на нашым сайце.
У віленчукоў ёсць магчымасць акунуцца ў багатую мастацкую спадчыну Мінска і адкрыць для сябе новыя перспектывы яго візуальнай гісторыі!
✅ Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна рэгістрацыя.
22—24 снежня
Belarus Free Theatre бясплатна пакажа оперу «Дзікае паляванне караля Стаха». Напярэдадні Калядаў кожны можа паглядзець спектакль на YouTube-канале тэатру. Прэм’ера адбылася ў верасні на сцэне лонданскага тэатру «Barbican».
Лібрэта па матывах твора Уладзіміра Караткевіча склаў Андрэй Хадановіч. Музыку напісала Вольга Падгайская.
Трансляцыі адбудуцца 22, 23 і 24 снежня а 20:00 па мінскім часе. Глядзець тут.