Кніга літоўскай паэткі Гедрэ Казлаўскайце — па-беларуску

У выдавецтве “Пфляўмбаўм” выйшла з друку кніга выбранай паэзіі “Чароўны час” Гедрэ Казлаўскайце (Giedre Kazlauskaite). Вершы з літоўскай мовы пераклаў Уладзіслаў Гарбацкі.

Асобнай кнігай паэзія Гедрэ Казлаўскайце, адной з самых яркіх і ўплывовых фігураў літоўскай паэзіі на сённяшні дзень, па-беларуску выходзіць упершыню. Выданне ўяўляе сабой выбранае з трох зборнікаў (Meninos (2014), Singerstraum (2016), Gintaro kambarys (2018)) і некаторыя дагэтуль невыдаваныя вершы.

“У сваёй паэзіі Казлаўскайце закранае далікатныя і часта забытыя, нязручныя для літоўскага грамадства тэмы: рэпрэзентацыя гістарычнай калектыўнай, а таксама індывідуальнай памяці, гісторыя літоўскіх яўрэяў, жаночая гісторыя і традыцыя (у прыватнасці, праз шыццё), мацярынства, лесбійства, алкагалізм, крытыка радыкалізму, экалогія”,расказваюць пра кнігу ў выдавецтве.

Паэзія Гедрэ Казлаўскайце апавядальная, сюжэтная, напісаная свабодным вершам, але пры гэтым аўтарка трымаецца тонкага ўнутранага рытму.

***

Пакуль пісала, не шкадавала мітуслівага
матылька ў пакоі: нібы думка вакол галавы ён круціўся
б’ючыся аб шыбу і ператвараючы сетку фіранкі
ў біблейскую рыбацкую сетку.
Дзівоснага боскага стварэння, у якім запісаны свет
я не ратавала, не здольная адарвацца
ад нашмат менш прыгожага верша,
нават калі пражыве троху даўжэй.

Кніга ўжо даступная для продажу ў Вільні, неўзабаве мае з’явіцца і на адпаведных рэсурсах, дзе зазвычай прадаюцца кнігі выдавецтва “Пфляўмбаўм”.

Загалоўнае фота аўтарства Arūnas Sartanavičius: skaitymometai.lnb.lt