Фонд “Камунікат” выдае кнігу журналіста і былога палітвязня Алега Груздзіловіча “Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы”. Як характаразуе выданне дырэктар фонду Яраслаў Іванюк, гэта кніга вершаў і малюнкаў для дзяцей з дарослымі.
Журналіст Алег Груздзіловіч быў арыштаваны ў снежні 2021 году за тое, што асвятляў пратэсты, ён не прызнаў віны і быў асуджаны на 1,5 году зняволення. Адбываў пакаранне ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам. Вершы і малюнкі пра арыштанта “дзядзю Віцю”, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, Алег Груздзіловіч напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру.
Пашанцавала з аказіяй перадаць “Прыгоды дзядзі Віці” з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе лісты і рукапісы аўтара былі зьнішчаныя.
Старт продажаў навінкі чакаецца на фестывалі “Летуцень” у Кракаве, які пройдзе 27 ліпеня.
Фота: Камунікат