Выйшаў унікальны даведнік “Кніга некралогаў” з эмігранцкіх газет

У выдавецтве Фонда “Камунікат” у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла “Кніга нэкралёгаў”, укладзеная Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам. Праца над выданнем пачалася ў 2019 годзе, і цяпер яно стала пэўным працягам альбома-даведніка “Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце”, які пабачыў свет у 2024 годзе.

““Кніга нэкралёгаў” выявілася яшчэ большым даўгабудам, чым папярэдніца, бо ад 2020-га да 2025-га ў працы над ёй быў перапынак. Акрамя нэкралёгаў зь дзьвюх найбуйнейшых беларускіх эміграцыйных газэтаў “Бацькаўшчына” й “Беларус”, у кнізе зьмешчаныя памятныя карткі, а таксама розныя даведнікі: згаданых у нэкралёгах арганізацыяў, пэрыёдыкаў, анатаваны іменны й геаграфічны паказьнікі”, — тлумачыць Наталля Гардзіенка.

Грунтоўны даведнік больш як на 800 старонак уключае прадмову Лявона Юрэвіча, дведачныя тэксты, расшыфроўкі і ўласна некралогі. Выданне прысвечанае памяці мовазнаўца Змітра Саўкі.

Асноўныя дзве часткі кнігі: выбраныя некралогі з найбуйнейшых газет беларускай паваеннай эміграцыі “Бацькаўшчына” (Мюнхен) і “Беларус” (Нью-Ёрк), а таксама памятныя карткі, што вырабляліся ў розных краінах з нагоды смерці таго ці іншага беларуса. Усё гэта — неад’емныя часткі пахавальнай культуры беларусаў на чужыне, якія адлюстроўваюць асаблівасці ўяўленняў пра сваіх і чужых, герояў і антыгерояў, мінулае і сучаснасць. 

Дызайн вокладкі — Вецер Механічны. Укладальнікі дзякуюць за дапамогу Ілоне Урбановіч-Саўцы.

Кнігу ўжо можна замовіць праз сайт-кнігарню Фонда “Камунікат”. Больш падарабязны матэрыял пра кнігу можна пачытаць па спасылцы.