Ініцыятыва Rozum.Media анансавала выхад кнігі “Водбліскі К” Стаса Ільіна. Цяпер можна зрабіць перадзаказ на фэнтэзійную аповесць са зніжкай праз сайт vodbliski.rozum.media.
“Героі аповесьці спрабуюць разабрацца ў тым, што адбываецца, і крок за крокам рухаюцца далей. Часам — свядома, часам — амаль навобмацак. Яны шукаюць адказы, будуюць версіі, памыляюцца і пачынаюць усё спачатку. І чым больш даведваюцца, тым цяжэй зразумець, дзе сапраўды варта шукаць разгадку”, — гаворыцца ў анатацыі.
У творы сур’ёзная размова можа скончыцца поўнай лухтой, геніяльная тэорыя — чарговай катастрофай, а тое, што яшчэ хвіліну таму выглядала абсалютна немагчымым, раптам становіцца часткай наступнай прыгоды. Героі спрачаюцца, жартуюць, памыляюцца, будуюць неверагодныя версіі і ратуюць адзін аднаго ад наступстваў уласных рашэнняў. Містыка суседнічае з абсурдам, небяспека — з гумарам, а за наступным паваротам можа чакаць літаральна што заўгодна.












