Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў робіць школьнікам і бацькам падарунак на летнія вакацыі. Для вас мы падрыхтавалі цыкл анімацыйных фільмаў паводле казак Уладзіміра Дубоўкі, напісаных у апошнія гады яго жыцця. Глядзець першы выпуск “Казак на вакацыі” можна проста цяпер.
Казкі народаў свету, апрацаваныя ў вершах Уладзімірам Дубоўкам, музыка і паэт Алесь Камоцкі разам з мастаком і музыкам Андрусём Такіндангам ператварылі ў захапляльныя анімацыйныя фільмы.
Першая з казак, якую мы прапануем вам паглядзець і паслухаць, гэта “Пузыр, саломінка і лапаць”. Трое персанажаў вырашаюць звязаць разам свой лёс, але падзеі разгортваюцца зусім няпроста.
Класік беларускай паэзіі Уладзімір Дубоўка быў адным з найвядомейшых і ўлюбёнейшых паэтаў у 1920-я гады. Стваральнік і адзін з кіраўнікоў згуртавання “Узвышша”, ён шмат працаваў і як перакладчык, і як мовазнаўца, але найболей часу аддаваў паэзіі, у якой стаўся віртуозам і адкрывальнікам новых жанраў. У 1930 годзе, разам з сотнямі беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, быў арыштаваны па выдуманай справе “Саюза вызвалення Беларусі” і высланы за межы Беларусі. Цягам доўгіх дзесяцігоддзяў Дубоўка намагаўся выжыць у лагерах і месцах высылкі, захавацца як асоба і як пісьменнік, адольваючы самыя складаныя перыпетыі сталінскага часу. Да літаратуры ён вярнуўся толькі ў 1950-я, калі пачалася “адліга” і з былых палітычных зняволеных сталі здымаць несправядлівыя абвінавачванні.
У гэты ж час Уладзімір Дубоўка вырашае пісаць для дзяцей: стварае аповесці для малых чытачоў і для падлеткаў, піша казкі, перастварае даўнія сюжэты і прыдумляе свае. У кожнай, нават самай простай, на першы погляд, казцы аўтар закладаў складаную этычную задачу, вырашыць якую належыць самім героям.
Сачыце за абнаўленнямі! Далей будзе болей!