У новым выпуску на сваім YouTube-канале выкладчык і паэт Андрэй Хадановіч расказвае пра чарадзейную, сатырычную і разам з тым рэалістычную казку нямецкага пісьменніка Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана “Курдупель Цахес, якога звалі Цынобер”. І вядома ж не абыйшлося без успамінаў пра легендарнага перакладчыка гэтага твору на беларускую мову — Васіля Сёмухі.
У відэа-лекцыі расказвацца:
- як Моцарт паўплываў на творчы і жыццёвы шлях Гофмана;
- іронія, гумар і сатыра як галоўныя элементы паэтыкі аўтара;
- як Гофман падзяляў людзей і да чаго тут музыка;
- чаму Гофман падазрона ставіўся да асветніцтва і палітыкі;
- як пісьменнік апісвае свае трывожныя думкі пра свет пачатку XІХ стагоддзя праз вобраз галоўнага антыгероя казкі;
- як выглядае трагікамічны фінал Курдупеля Цахеса і чаму хэпі-энд у казцы ілюзорны;
- чаму Васіля Сёмуху выгналі з Саюза беларускіх пісьменнікаў;
- як Караткевіч натхніў Сёмуху на пераклад Гофмана з нямецкай.
Некалькі цытат:
Усё чалавецтва, паводле Гофмана, дзеліцца на музыкаў і проста добрых людзей, але кепскіх музыкантаў. Калі зменшыць гофманаўскую іронію і сфармуляваць тое ж самае сур’ёзна, то на адным полюсе — энтузіясты, а на другім — філістары. Філістары — гэта сытыя, спакойныя і самазадаволеныя абывацелі, буржуа ў прамым і пераносным сэнсе, якія дзвюма нагамі цвёрда стаяць на зямлі, але іх сэрцы неадкрытыя для паэзіі, музыкі і іншых цудоўных дзівацтваў, якія, згодна з Гофманам, і робяць чалавека чалавекам.
Фея Розабельвэрдэ бачыць недарэчнага маленькага карузліка і шкадуе яго: “Маленькі Цахес, які складаны і балючы твой лёс. Зрабіць цябе прыгажуном я не магу, але я магу зрабіць так, каб ты, нягледзячы на тваю брыдкасць, адчуваў любоў і дасягаў поспеху. Дам я табе чарадзейную якасць — падабацца людзям”. Вось гофманаўская трывожная думка пачатку ХІХ стагоддзя — што ў гісторыі пайшло не так, чаму людзям масава пачынае падабацца ўсякая сумнеўная дрэнь. Гофман дае гісторыі містычнае тлумачэнне: разгадка будучага поспеху героя тое, як чарадзейка зачэсвае ягоныя валасы, дадаючы да іх тры чарадзейныя рудыя валасінкі, якія не кідаюцца ў вочы простым смяротным, бо трэба быць паэтам ці музыкам, энтузіястам, каб пабачыць небяспеку, каб на цябе чары Цахеса не распаўсюджваліся.
Найтрывожнейшая ва ўсім гэтым — слепасць атачэння, натоўп, які ўзносіць сваіх нікчэмных герояў што ў культуры, што ў палітыцы, а потым калі куміры зрынаюцца, то вінаватымі выяўляюцца непасрэдна куміры, а не нашая оптыка, а не нашая няздольнасць і нехаценне думаць або думаць своечасова.