“Табіта Плімтак і Край свету” — кніга ірландскай пісьменніцы Эрыкі Макган, якая сёлета выйшла ў выдавецтве “Гутэнберг” у перакладзе Андрэя Скурко. Гэта гісторыя для малодшых падлеткаў, з дзіўнаватым, крыху злавесным сусветам і надзвычай прывабнай галоўнай гераіняй. 8-гадовая Табіта Плімтак, насуперак усім абставінам, намагаецца выратаваць сяброў, злых сваякоў і ўвесь свой няветлы суствет ад наступстваў лакальнай экалагічнай катастрофы.
На Дзіцячай сцэне фестывалю PRADMOVA ў Вільні 17 кастрычніка выдавецтва “Гутэнберг” і амбасада Ірландыі ў Літве прэзентавалі пераклады трох дзіцячых ірландскіх дзіцячых кніг, якія выйшлі па-беларуску ў 2026 годзе. Эрыка Макган стала госцяй фестывалю. Падчас дзвюх сустрэч, у тым ліку з перакладчыкам кнігі Андрэем Скурко, яна расказала пра сябе і свае падыходы да працы, пра кнігу “Табіта Плімтак і Край свету” і сітуацыю з дзіцячай літаратурай на ірландскай мове. Дыскусіі былі настолькі цікавыя, што немагчыма было не працягнуць іх у фармаце інтэрв’ю, якое зрабіла Кацярына Жамойдзіна.
Эрыка Макган нарадзілася і вырасла ў Дроэдзе (графства Лаўт), цяпер жыве ў Дубліне. Піша для дзяцей рознага ўзросту: у яе бібліяграфіі ёсць як кнігі-карцінкі для самых маленькіх, так і фантастычныя і прыгодніцкія раманы для падлеткаў. Агулам — больш за два дзясяткі кніг. Эрыка — прафесійная пісьменніца, то бок гэта яе асноўны занятак. Што, як яна адзначыла падчас сустрэчы, не надта разумна з эканамічнага пункту гледжання, але вельмі добра для пачуцця рэалізаванасці і атрымання задавальнення ад працы.
Аповесць “Табіта Плімтак і Край свету” ў арыгінале выйшла ў 2021 годзе з ілюстрацыямі Філіпа Калэна. Кніга папулярная ў Ірландыі, а таксама атрымала міжнароднае прызнанне. Напрыклад, у 2022 годзе яе ўключылі ў знакаміты каталог White Ravens Міжнароднай моладзевай бібліятэкі ў Мюнхене, а таксама яна ўжо выйшла ў перакладах на некалькі моў, сярод якіх італьянская і літоўская.
На сустрэчы вы расказалі, што “Табіта Плімтак і Край Свету” была вашай першай кнігай. Як доўга вы яе пісалі? Колькі ў вас кніг на дадзены момант і ці пішуцца яны хутчэй альбо лягчэй, чым першая?
Насамрэч да выхаду “Табіты” ў мяне ўжо было апублікавана некалькі кніг, але гэта быў мой першы фэнтэзійны раман для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Я напісала яго даволі хутка — на гэта пайшло каля чатырох месяцаў (звычайна праца над раманам займае ў мяне значна больш часу!). На сёння ў мяне выйшла каля дваццаці пяці кніг, і яшчэ некалькі рыхтуюцца да публікацыі.



З часам пісаць сапраўды становіцца лягчэй, але не абавязкова хутчэй. Думаю, з досведам ты становішся менш самакрытычнай і менш скаванай, таму пісьменніцтва ператвараецца ў нешта больш простае і прыемнае. Але для мяне кожная кніга патрабуе свайго часу. І я рэдка ведаю загадзя, колькі яго спатрэбіцца!
Ці складана вам было выдаць першую кнігу? Ці складаны гэта працэс у Ірландыі — знайсці выдавецтва, якое паверыць у поспех кнігі і надрукуе кнігу новых аўтаркі ці аўтара? Ці працягваеце вы выдавацца ў тым жа самым выдавецтве?
Мне вельмі пашанцавала: першае выдавецтва, куды я адправіла рукапіс, пагадзілася ўзяць маю першую кнігу (адмовы пачаліся пазней!). У Ірландыі проста дасылаць свае творы ў выдавецтвы, бо ёсць некалькі тых, што прымаюць рукапісы непасрэдна ад аўтараў, без літаратурных агентаў. Але Ірландыя — невялікая краіна з невялікім рынкам, таму выдавецтвам даводзіцца вельмі старанна адбіраць кнігі.
Маёй першай кнігай займалася выдавецтва O’Brien Press, і амаль усе наступныя кнігі я таксама выдавала там. З імі вельмі прыемна працаваць.
Ці ўяўляеце вы чытача, калі пішаце кнігу? Ці думаеце пра яго? Які ён/яна — вашы ідэальныя чытачы?
Гучыць, напэўна, жудасна, але звычайна я пішу гісторыі для сябе. Аднак спадзяюся, што калі мне падабаецца гісторыя, то і чытачам яна таксама спадабаецца.
Я, вядома, павінна сачыць за тым, каб апавядальны голас і ўзровень мовы адпавядалі ўзросту чытачоў і жанру, для якога я пішу. У гэтым мне вельмі дапамагаюць сустрэчы з дзецьмі ў бібліятэках і школах. Яны нагадваюць мне, для каго я насамрэч пішу.

Фота Кацярыны Жамойдзінай
Мой ідэальны чытач — кожны, хто любіць добрыя гісторыі!
Я добра запомніла з вашага выступу, што вам важна не ведаць, чым скончыцца кніга да таго моманту, пакуль вы не скончыце яе пісаць. Ці было такое, што вы не сканчвалі пісаць гісторыю, бо занадта рана разумелі, якім будзе фінал?
Не, але здаралася, што мне даводзілася адкідваць ужо напісанае, амаль вяртацца да самага пачатку і пачынаць нанова. Калі я занадта рана вырашаю, якім будзе фінал, то аўтаматычна пачынаю весці гісторыю да гэтай развязкі, і тэкст становіцца кепскім. Мне самой перастае падабацца тое, што я пішу, а гэта азначае, што дзесьці я збочыла не туды. Таму я вяртаюся да таго месца, дзе гісторыя яшчэ была цікавай і захапляльнай, і спрабую зноў.
Вы казалі, што кніга “Табіта Плімтак і Край свету” ўзнікла з вобразу дому на краі абрыву. Як хутка ў гэтай гісторыі ўзнікла дзяўчынка Табіта? Ці адразу яна была такая, як ёсць цяпер: моцная, адважная, добрая, спагадлівая? Шчыра прызнаюся, што лічу яе ідэальнай гераіняй, і не магу ўявіць, што камусьці Табіта можа не спадабацца!
Дзякуй, яна мне таксама вельмі падабаецца!
Звычайна перад тым, як пачаць пісаць, я доўга абдумваю свет, у якім будзе адбывацца гісторыя. Калі гэты свет пачынае здавацца мне цэльным і сапраўдным, тады ў ім з’яўляецца галоўны герой. І звычайна ў гэты момант я ўжо гатовая пачынаць пісаць.
Табіта зусім не змянілася ў працэсе працы над кнігай. Яна заўсёды была такой, як чалавек, якім я па-сапраўднаму захапляюся: не гучнай і не напорыстай, але ціха адважнай. Мне б хацелася быць такой жа.
Як вы стваралі іншых герояў? У кожнага з іх ёсць спецыфічныя рысы характару альбо паводзінаў. Сярод іх няма тых, каго можна было б назваць звычайным, нармальным чалавекам. Ці былі ў вас канкрэтныя прататыпы? Ці бераце вы герояў ці нейкія характэрныя рысы сваіх герояў з жыцця?
Мне было вельмі весела ствараць гэтых персанажаў. Я атрымлівала асалоду ад таго, што даводзіла іх характары да крайнасці, рабіла іх як мага больш дзівакаватымі або непрыемнымі.
Я наўмысна не ствараю персанажаў на аснове рэальных людзей (хоць, упэўненая, часам гэта адбываецца неўсвядомлена!). Для сваёй самай першай кнігі я ўзяла за аснову ўсіх галоўных герояў сваіх сяброў. Большасці з іх мая версія спадабалася, а аднаму — не. Я зрабіла высновы!
Ці думаеце вы пра тое, чаму можа навучыць ваша гісторыя дзяцей? Ці важна для вас гэта? Альбо кніга — гэта перш за ўсё сусвет, сюжэт, прыгода, а чаму з яе навучыцца чытач знойдзе сам?
Для мяне кніга перадусім — гэта гісторыя, у якой можна згубіцца, цалкам у яе пагрузіцца. Кожны чытач можа знайсці ў ёй нешта сваё, і ў гэтым і заключаецца кніжнае чараўніцтва: твой уласны досвед уплывае на тое, як ты ўспрымаеш гісторыю, таму ніводнае чытанне не бывае аднолькавым.
У вашай кнізе даволі моцны экалагічны складнік, падымаюцца пытанні адказнасці за прыроду, за навакольны свет. Ці можна гэта лічыць спробай калі не навучыць, то папярэдзіць, прымусіць задумацца?
Я ніколі наўмысна не закладваю ў гісторыю пэўныя тэмы. Але калі ты шмат пра нешта думаеш або нешта цябе непакоіць, рана ці позна гэта ўсё адно праяўляецца ў тваіх тэкстах.
У каледжы я вывучала паводзіны і дабрабыт жывёл, таму шмат гадоў прысвяціла вывучэнню аховы прыроды, навакольнага асяроддзя і змены клімату. У кнізе проста выліліся мае ўласныя трывогі, але я ганаруся тым, што ў “Табіце” гэтая тэма атрымала такое моцнае гучанне.
Вы казалі пра ўплыў Роальда Даля на вас. А якая ягоная кніга найбольш на вас паўплывала альбо якая з іх самая любімая і важная менавіта для вас? Якіх яшчэ “сваіх” аўтараў вы маглі б назваць?
“Мацільда” вельмі паўплывала на мяне ў дзяцінстве. У яе была тая ціхая мужнасць, якой я захапляюся і якую хацела бачыць у Табіты. Кнігі Роальда Даля займалі велізарнае месца ў маім дзіцячым чытанні, але цяпер я мушу ўспрымаць іх і ў кантэксце яго антысемітызму. Атрымліваецца, што ў той самы час, калі яго кнігі давалі сілу дзецям, падобным да мяне, яго публічныя выказванні прычынялі боль іншым людзям.
Кнігі пра магічных істот лувендараў (Luvenders) ірландскай пісьменніцы Джун Кансідзін (June Considine) адкрылі мне радасць чытання страшных гісторый. Яны былі жахлівымі і цудоўнымі. Я была палахлівым дзіцем, але знаходзіла ў іх, як ні дзіўна, нешта суцяшальнае. А яшчэ я шмат разоў перачытвала кнігі пра Найгоршую ведзьму (The Worst Witch) Джыл Мэрфі (Jill Murphy), яны і цяпер застаюцца для мяне кнігамі, да якіх прыемна вяртацца.
Думаю, гэтыя і многія іншыя кнігі, якія я чытала ў дзяцінстве, моцна паўплывалі на маю творчасць, хоць сама я пачала пісаць толькі пад канец 2020-х гадоў. Мабыць, кнігі, якія любіш найбольш, застаюцца з табой надоўга.
Ці было для вас у дзяцінстве важна, хто галоўны герой у кнізе, якую вы чытаеце — хлопчык ці дзяўчынка? Ці важна гэта для вас цяпер і ў вашых уласных кнігах таксама?
Не думаю, што ў дзяцінстве для мяне мела значэнне, хлопчык ці дзяўчынка былі галоўнымі героямі. Цяпер я больш звяртаю на гэта ўвагу: стараюся чытаць больш кніг, напісаных жанчынамі, і кніг, у якіх жанчыны выступаюць галоўнымі гераінямі.
Я разумею, што ў дзяцінстве чытала значна больш кніг, напісаных мужчынамі, дзе галоўнымі героямі таксама былі мужчыны або хлопчыкі. Цяпер я стараюся гэта крыху сбалансаваць!
У маіх уласных кнігах галоўнымі героямі часцей становяцца дзяўчынкі. Думаю, проста лягчэй пісаць пра тое, што добра ведаеш.
Вы згадвалі, што ў вашай сям’і пяцёра дзяцей і чацвёра з іх пішуць. Калі я не памыляюся, вы і адзін з вашых братоў пішаце для дзяцей. Ці чытаеце вы кнігі адно аднаго?
Так, мы чытаем кнігі адно аднаго. Калі хтосьці з нас заканчвае кнігу, то часта перш за ўсіх дасылае яе членам сям’і. Мы стараемся даваць адно аднаму канструктыўную крытыку, але толькі тады, калі нас пра гэта просяць!
Ці выходзілі вашыя кнігі на ірландскай мове? Ці ёсць у Ірландыі практыка дубляваць адну і тую кнігу па-англійску і па-ірландску? Ці выходзяць кнігі-білінгвы?
У мяне ёсць серыя кніг-карцінак, створаная разам з Джэры Дэйлі, якая выйшла па-ірландску. Гэта кнігі “Дзе ты, тупік?” (Where Are You, Puffling?) і наступныя гісторыі пра гэтага героя.
Выдаваць кнігі адначасова па-англійску і па-ірландску не вельмі прынята, але рынак кніг на ірландскай мове расце. Колькасць кніг, напісаных па-ірландску або перакладзеных на гэтую мову, павялічваецца з кожным годам.
Я не ведаю, ці ёсць кнігі, у якіх тэкст падаецца адразу на дзвюх мовах, але ўпэўненая, што такія асобныя выданні знойдуцца. Кнігавыданне на ірландскай мове развіваецца ўсё мацней — і гэта цудоўна!

Фота Кацярыны Жамойдзінай
(Падчас імпрэзаў Эрыка дзялілася дзіцячымі ўспамінамі, што кнігі на ірландскай мове былі не вельмі прыгожымі і не вельмі цікавымі. У іх было шмат болю, пакут, смерцяў і тэмы эміграцыі. Гэтая літаратура не была забаўляльнай ці прынамсі вясёлай. Таму шмат у каго з дзяцей было даволі негатыўнае стаўленне і да ірландскай літаратуры, і да вывучэння ірландскай мовы ў школе. У тым ліку, у самой Эрыкі. Але паступова сітуацыя стала змяняцца і гэты працэс працягваецца).
Ці была для вас нечаканай прапанова прыехаць на прэзентацыю беларускага перакладу “Табіты” ў Вільню? Якое ваша галоўнае ўражанне ад гэтай сустрэчы?
Я вельмі здзівілася, калі мяне запрасілі ў Вільню на фестываль PRADMOVA, і была надзвычай рада! Раней мне ніколі не даводзілася ўдзельнічаць у прэзентацыі перакладу сваёй кнігі, таму гэта быў для мяне ўнікальны досвед.
Я пазнаёмілася з Андрэем Скурко, перакладчыкам “Табіты”. Ён аказаўся надзвычай мілым і цярплівым чалавекам, які тлумачыў мне, што адбываецца падчас урачыстых мерапрыемстваў на адкрыцці фестывалю.
За гэтыя некалькі дзён я шмат даведалася пра беларускую культуру і пра тое, якое значэнне мае мова. Усе былі надзвычай добрыя і гасцінныя, а тая гордасць і адвага, з якімі вы абараняеце сваю культуру, натхняюць. Да паездкі ў Вільню я няшмат ведала пра беларускі досвед, але цяпер пачынаю разумець, наколькі неверагоднай устойлівасцю валодае ваша супольнасць тут.
А найлепшай часткай, як заўсёды, было знаёмства з дзецьмі. Яны былі цудоўныя, дапытлівыя і неверагодна разумныя. Іх здольнасць вывучаць мовы прымусіла мяне адчуць сябе зусім недасведчанай!
Я вельмі ўдзячная ўсім, хто зрабіў магчымым мой удзел у фестывалі. Мне неверагодна пашанцавала стаць яго часткай!
Кацярына Жамойдзіна, для bellit.info






