“Дзве душы” Гарэцкага выйшлі па-ангельску ў Канадзе

У канадскім выдавецтве Grunwald Publishing выйшла аповесць Максіма Гарэцкага “Дзве душы” ў перакладзе Волі Яноўскай на ангельскую мову, якая таксама з’яўляецца заснавальніцай выдавецтва.

Кніга ў перакладзе мае назву Maksim Haretski “Two Souls” і прадаецца на самых папулярных інтэрнэт-пляцоўках (напр., Amazon) у двух фарматах: электронным і друкаваным.

“… Для ЗША і асабліва Канады, “краін імігрантаў”, дзе жывуць мільёны прадстаўнікоў розных “маленькіх” культур, нацый і моў, пытанні аб асіміляцыі, захаванні, вызначэнні і выбудове ідэнтычнасці застаюцца актуальнымі, і дыялогі аб гэтым тут не спыняюцца. Таму я спадзяюся, што нашы пераклады дапамогуць прасунуць нашу культуру і наратыў, пашырыць след, і стануць часткай больш шырокага культурнага абмену”,пракаментавала перакладчыца Воля Яноўская допіс у фэйсбуку з нагоды выхаду кнігі.