У аўтарскім падкасце “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец пасля прачытання зборніка Усевалада Сцебуракі “Беларускія зоркі” (2024) разбіраецца, якім паэтам ёсць аўтар. У кнізе паўстае паэт-маршалак, жыццялюб, чый празрысты і дакладны верш перадусім дзеліцца з чытачом эмоцыямі і дзівіць трапнымі сэнсамі.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Калі казаць шчыра і суб’ектыўна, мне ў большасьці выпадкаў не падабаецца, як сёньня ў нас выдаецца актуальная беларуская паэзія. Мы шмат гаворым пра кніжны рынак, а кніжкі выходзяць часьцяком зусім ня рынкавыя, найперш маю на ўвазе найбольш таленавітых і, як кажа Леанід Дранько-Майсюк, не прыдуманых паэтаў. Цешыць, што такія паэты ёсьць, хоць аўдыторыя ў іхных кніжак быццам штучна звужваецца. На шчасьце, выратоўвае сеціва, дзе, да прыкладу, кожны верш Усевалада Сьцебуракі зьбірае дзясяткі водгукаў захапленьня.
Сьцебурака знаны маршалак і літаратурны мэнэджар, выступае ў тым амплюа, дзе вершы, так выглядае, ня ў першым шэрагу заняткаў. Насамрэч усё наадварот. Ён паэт, а ўсё іншае ідзе дадаткам, і калі б гэтага дадатку не было, у паэтычнай іпастасі ён выглядаў бы больш акрэсьлена і значна.
Думаў я пра гэта, пачаўшы чытаць Сьцебуракаву кнігу “Беларускія зоркі” акурат не з паэзіі, а з прозы і эсэістыкі ды ўсяго таго, што складае другую частку кнігі, бо наўмысна пакінуў першую частку, паэзію, сабе на асалоду чытаньня, на пасьля.
У 2023 годзе Усевалад Сьцебурака атрымаў літаратурную прэмію імя Міхася Стральцова, а праз год, у 2024-м выйшла кніга “Беларускія зоркі”, у якой мне акурат і не спадабалася ўсё — ад афармленьня да ўкладаньня. Звычайна з прадчуваньнем паэзіі ў мяне і асацыююцца словы “томік паэзіі” і імя аўтара, усё іншае як бы і непатрэбнае.
Тут жа кніжка зьместам выглядае як мэмарыяльнае выданьне, падсумаваньне творчасьці, падвядзеньне рысы. У другой палове сабраныя афарызмы, кавалак іншае кнігі “Сьцебуракаў лёс”, занатоўкі і нават анкета часопіса “Дзеяслоў”… Адчуваньне непераборлівасьці ў кнізе цалкам сабе жывога аўтара ўзьнікае ад таго, што першы жанр — паэзія — ствараецца і ацэньваецца паводле зусім іншых літаратурных законаў, чым тыя іншыя жанры. Скажам, афарызм зусім не павінен казаць праўду, там найважнейшае краснае слоўца, прыгажосьць ды парадаксальнасьць фразы. А анкета мусіць папросту нешта тлумачыць, а не ствараць дзівосныя сэнсы і адчуваньні. Словам, у паэтычным зборніку ўсё гэта выглядае на матэрыял, зь якога не змаглі зрабіцца вершы. А галоўнае — усё іншае цалкам магло б быць напісанае і іншым аўтарам. Тады як дасканаласьць паэзіі можа належаць толькі Сьцебураку.
Цяжка ўявіць паэтычныя выданьні беларускіх паэтаў — ад клясыкаў да найбольш выбітных жывых сучасьнікаў, якія дадавалі б у кнігу свае інтэрвію, занатоўкі ці кавалкі прозы. Непазьбежная ў такіх выпадках эклектыка не перашкодзіць інтэрвію ці прозе, тады як адназначна цярпіць вобраз паэзіі. Аднак у Сьцебуракі ўжо былі зборнікі, дзе вершы друкаваліся разам з зацемкамі, з чаго і можна падумаць, што аўтар сьвядома ці несьвядома недаацэньвае свой паэтычны дар, ставіць яго ня ў першы шэраг.
Паэзія, між тым, ня толькі не патрабуе дапаўненьня ніжэйшымі жанрамі, але працівіцца ім.
Але нарэшце пяройдзем да вершаў. Тут маё эмацыйнае ўспрыманьне разварочваецца ў адваротны бок і я ніводнага разу не расчароўваюся.
Дакладнасьць паэтычнага выказваньня тут бездакорная і я згадваю мэтра Някляева, якога Сьцебурака называе любімым паэтам. Пры тым гэтая дакладнасьць — як бы неабавязковая ў большасьці сучасных паэтаў, што выглядае як страчаная вартасьць, безадносна да стылю і мэтаду пісаньня, але параўнаць яе можна з самой паэтычнай граматай. Вобразы клясычнай літаратуры ўплятаюцца ў тканку верша амаль не заўважна, пры тым ствараючы аўтарскаму выказваньню магутную падтрымку, як, да прыкладу, слынная Караткевіцкая груша ў вершы “…на сьмерць Радзімы”:
З чаго пайшло
І як распачалося?
З чабору паху,
грушы над Дняпром
птушынага рознагалосься?
Ці зь дзіўнага сьвятла,
што дорыць восень?
Ці з той вады,
якую п’еш нагбом?
І не ўзгадаць цяпер.
Гадоў завеі
туманяць каляроваю смугой
абрысы постацяў,
імёны і падзеі
сплываюць зь невымоўнаю тугой.
Ці нават безь яе ў нябыт ідуць з палёгкай.
Хутчэй імкне бясконцы карагод.
І рэха не гучыць, як ні галёкай,
і на крыніцах неадольны лёд.
І толькі груша
аблачынкай лёгкай
стагодзьдзямі цьвіце
апошні год…
Мабыць найчасьцейшыя вобразы ў Сьцебуракі — туман і лёд, то бок вада, схопленая льдом — у розных варыяцыях. Цякучая застыласьць — тая “ліючаяся форма” Ігната Абдзіраловіча. Таму і груша цьвіце стагодзьдзямі і кожнага разу — апошні раз.
Аўтар унутрана разьняволены, таму ўласна тэкст нічым не зачапляе, ты яго амаль не заўважаеш, між тым ён моцна трымае цябе, які ня сочыць за рытмам ці рыфмамі, а перажывае эмоцыі і дзівіцца трапнаму сэнсу.
Беларуса не спалохаць сьмерцю —
сьмерць яму як родная маці,
што чакае з далёкай дарогі.
Хто яшчэ называе труну — дамавінай?
Хто яшчэ так шануе памерлых?
А як соладка п’ецца памінальная чарка!
Як сьветла ўзгадваецца спачылы!
Як даношваецца ягоная ватоўка!
Як зайздросьціцца яму, што ня бачыць усяго гэтага!
Яму галашэньні і паднашэньні —
і яечка сьвянцонае, і цыгарка з цукеркаю…
Мы названыя ў гонар памерлых.
Мы гаворым памерлаю моваю.
Мы сыходзім адсюль, як вяртаемся,
адбыўшы пажыцьцёвы тэрмін.
Мы ідзём зь цішынёй і зьнічкамі
на клады па дажджах лістапада —
гэта нашае сьвята сапраўднае,
дзе гасьцямі ў нас —
нашыя мёртвыя.
Вершы Сьцебуракі лёгка запамінаюцца. Вядома ж, таму што простыя. Даходлівыя. Але гэта не прастата банальнасьці, якая ўнутрана пустая. Гэтая прастата мае тую ж прыроду, што і фальклёр, які таксама запамінаецца адразу.
Разам з тым, як і фальклёр, гэта творы, пасьля якіх трэба ўпасьці ў здумленьне. Аўтар заўсёды на той самай ноце, што і чытач, спрабуе празь верш зразумець, што адбываецца ў нашы заблытаныя часы і, можа быць, убачыць у гэтым сэнс, а значыць, і жаданьне жыць, і будучыню. Тое, чаго б бяз гэтай паэзіі і не было. Як у гэтым вось вершы “Беларуская рабінгудаўская”:
У каралеўстве бардак —
спрэс у скарб недаборы,
б’е чума новым штамам,
хоць выйшаў загад…
А вясёлыя людзі
застаюцца ў Шэрвудзе —
цяжка трапіць у шэрвудцы —
немагчыма назад.
А кругом безьмяжак!
На турнірах — паразы,
і суседзі у змове —
будуюць сьцяну.
А вясёлыя людзі
застаюцца ў Шэрвудзе —
каб сысьці, трэ прычыны,
як найменей адну.
Ды прычынаў няма —
каралеўства ваюе.
Зь ветракамі, з сумленьнем
і супраць сябе…
А вясёлыя людзі
застаюцца ў Шэрвудзе —
і змаганьне стаміла,
і страх не бярэ.
А цямнее раней,
і сьвітанак ідзе неахвотна,
і падаўся народ
у краіны, дзе неба чысьцей.
А вясёлыя людзі
паміраюць у Шэрвудзе —
на радзіме, гавораць,
ўваскрасаюць часьцей…
Аўтар не традыцыяналіст у тым сэнсе, што не эпігон клясычнай паэзіі. Ён і ня постмадэрніст ці экспэрымэнтатар, дзе форма часьцяком па-над зьместам. Няма ў яго і зьнешняй эфэктнасьці ці замкнёных на ўласнай асобе сюжэтаў і вобразаў. Я б казаў пра першароднасьць гэтай паэзіі. Той нячасты выпадак, калі празь верш прасьвечвае сэнс, адзіны і ясны для ўсіх.
З кім параўнаць Сьцебураку ў паэзіі? Калі браць падкрэсьленую грамадзянскасьць ці грамадзянскую місію, тое, што паэт менавіта місійны чалавек, дык першай прыходзіць на памяць Ларыса Геніюш — гэтаксама першародная. Розьніца ў тым, што Геніюш хутчэй прарочыца, а Сьцебурака — маршалак, правадыр, той хто кажа: рабі як я.
Мне падаецца — далёка баі,
так што ў бясьпецы мае краі.
Мне падаецца — за лесам вайна
і не зачэпіць майго майна.
Цягнуць ахвяр да расстрэльнай сьцяны —
грэху няма тут майго і віны.
Не пераймайся, спакойна жыві!
Скуль жа на твары пырскі крыві?
Я не прымаю ўдзелу ў вайне
Вайна прымае ўдзел ува мне…
А вось прызнаньне пра мову. Апошнім часам у зборніках, выдадзеных наркамаўкаю, я сустракаю такія творы, набраныя клясычным правапісам зь ледзьве не містычным абагаўленьнем гэтага беларускага зьявішча, прагнанага з жыцьця і забароненага ў цяперашнюю хвалю русыфікацыі. Сэнс гэтых малітваў у тым, што наркамаўка — гэта праклён беларускае мовы і тое, што стрымлівае беларушчыну ад свабоды, разьвіцьця і паўнавартаснае самабытнасьці. Верш называецца “Беларуская клясыка”:
Я цьвёрда стаўлю мяккі знак
ва ўсіх належных словах!
Бяз знаку гэтага ніяк
мая ня можа мова!
У „Эўропе“ — сьмела стаўлю „э“
і „я“ пішу у „клясе“ —
такой граматыкі стае
на думкі ў кожным часе!
Баронім „ё“, кароцім „ў“,
трасянку робім моваю!
Звычайную
маю
тваю
мы робім адмысловаю!
Бадай ні адзін Сьцебуракаў твор не назавеш пэсымістычным. І мы не забываем, што наш паэт — маршалак, для якога галоўны атрыбут ягонае справы — пазытыўны настрой. І мацуецца такі настрой, пры самых неспрыяльных і трагічных сюжэтах у Сьцебуракі найперш на апісаньнях прыроды. Нішто не дае аўтару столькі станоўчага жыцьцялюбства, колькі сувязь з прыродай.
Шчапаю смаляк —
трэба зіме паказаць
бурштын у агні.
***
Грымоты грымяць.
У нябёсах б’е дровы
Пярун на зіму.
Трэба заўважыць, што маршалкоўства Сьцебуракі — таксама прыроднае. Аўтар упісвае сябе ў простыя словы і простыя рэчы, ніяк не выпукляючы сваё амплюа — не навязваючы яго, але ўмоўна кажучы, апісваючы дарогу, па якой ідзе сам і, паколькі гэта цалкам зразумелае апісаньне, у чытача ўзьнікае жаданьне рушыць па ёй таксама.
Да ўсяго іншага гэта вельмі інтэлігентная паэзія, яна нязьменна вызначаецца пачуцьцём меры, яна ні словам, ні намёкам ніколі не выклікае жаданьня адкласьці або адкінуць кнігу. Але пры гэтым важныя думкі гучаць адметна і прывабна, нагадваючы ўвесь час дарожны білборд пра “Асалоду чытаньня”.
Мы цяпер пішам міма шуфляды,
мы цяпер пішам адразу ў камін.
Гэта больш чым прызнаньне
і больш чым спагада,
гэта і камін-аўт,
і — камін-ін.
Мы цяпер пішам,
каб проста сагрэцца,
не прагучаць,
а адчуць цеплыню.
Гэта цішай
за ўдары сэрца
і сьмялей за
любое ню.
І ўсё ж за відзежай няўлоўных рысак,
што дымам зьлятаюць
у вышыню,
верыцца нам,
што халодны прысак
быў кароткім прыстанкам агню.
Для нашай усё больш пераблытанай рэчаіснасьці важна ня толькі разабрацца ў сэнсах усяго, што адбываецца, але і ўбачыць правільныя прыярытэты ў постсавецкай прасторы і знайсьці сваё месца ў рэальнай карціне сьвету. Як зразумець, што тое, што табе на ўсіх узроўнях падаюць як “нармальнае”, насамрэч зусім ненармальнае, ненатуральнае і нялюдзкае, ад якога адно жаданьне — уцякаць. Гэтак ствараецца “Гарадзкі эцюд”, прысьвечаны менскаму раёну “Шарыкі”:
Ля дома смутку „Цырыманіял“
стаяў цынічна магазін „Прадукты“,
у ім гнілі гародніна і хрукты,
п’яны раён па звычцы ціха спаў.
Пад лініяй электраперадач
задумлівыя серылі сабакі,
капаліся у сьмецьці небаракі,
паволі павялічваючы срач.
Ў нікому не патрэбнае ВэЧэ
паціху вар’яцелі салабоны,
паблытаўшы статут і забабоны
і шмат чаго паблытаўшы яшчэ.
Зіхцеў праспэкт у гонар партызанаў,
да ходніка тулілася таксі,
што не скранецца, колькі ні прасі,
бо сьпіць таксіст цяпер ужо дарана.
Крый мілы Божа!
Міма пранясі
хрушчобаў пралетараў-вэтэранаў,
ад вуліцаў аматараў таранаў,
заводаў трактарных,
іх дымавых туманаў,
падпольшчыкаў,
чырвоных атаманаў,
далей і прэч
хутчэй
мяне нясі!
У сваім ФБ я чытаю сьвежыя вершы Ўсевалада Сьцебуракі і бачу, што аўтар робіцца яшчэ больш дакладным і яшчэ больш глыбокім. І мне ўжо думаецца пра наступны, чарговы зборнік паэзіі. Пра тое, што ён будзе не эклектычны, а чыста паэтычны. Таму выкажу пажаданьне — каб вершы пазначаліся ня зборнікамі, як у мэмарыяльным выданьні, а датамі напісаньня і каб стаялі ў храналягічным парадку. Тады раптам і ня раптам адбудзецца цуд — зьявіцца на сьвет рэальны вобраз паэта, які дагэтуль быў прыхаваны, чамусьці, каб яго наўмысна цяжка было заўважыць як такога.
***
Ёсьць самыя лягічныя прычыны,
Выпадак зручны і цьвярозы клёк,
Пакінуць межы зімнае айчыны…
І ёсьць непераможны сум ваўчыны,
Ёсьць немагчымасьць паглядаць здалёк.