“Доўгая дарога дадому” — Хадановіч прачытае цыкл лекцый пра літаратуру

6 траўня ва Уроцлаве Андрэй Хадановіч пачне чытаць цыкл лекцый пра беларускую літаратуру, які называецца “Доўгая дарога дадому”. Першая лекцыя “Я вас не баюся” будзе прысвечаная Васілю Быкаву.

Цыкл лекцый, адрасаваных як беларусам, якія сёння жывуць ва Уроцлаве (і не толькі), так і палякам, якім практычна невядомая культура найбліжэйшых суседзяў. Шэсць размоў пра класічную і сучасную беларускую літаратуру, пра найлепшых беларускіх аўтарак і аўтараў, чые кнігі ўжо выйшлі ў польскім перакладзе або з’явяцца неўзабаве. Кнігі, якія найлепей апавядаюць пра наш час і нас саміх, такіх розных і такіх падобных.

Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч будзе прамаўляць па-беларуску, а паралельна на польскую мову будзе перакладаць журналіст Юры Ліхтаровіч. Таксама прадугледжваецца анлайн-трансляцыя лекцыі

Пачатак у 18.00 у клубе Proza (Przejście garncarskie, 2). Уваход вольны.

Пра што пойдзе гаворка падчас лекцыі “Я вас не баюся”:

  • Як і чаму Васіль Быкаў стаў найвядомейшым беларускім аўтарам у свеце?
  • Ад “лейтэнанцкай прозы” да антываеннай і антыімперскай літаратуры.
  • Як пісьменнік змагаўся з цэнзурай, а цэнзура – з ім?
  • Ці лёгка выславіць ваенную “праўду”: беларускі экзістэнцыялізм па-быкаўску.
  • Чаму “пасля цяжкай вайны непазбежны і цяжкі мір”?
  • Беларусь як “знак бяды” і “свечка надзеі”.
  • “Насарогі ідуць!”: быкаўскі рэцэпт перамогі над страхам.

Падрабязнасці пра падзею глядзіце па спасылцы.