Новая выдавецкая ініцыятыва SayBeat упершыню выдала друкам дэбютны раман Макса Шчура “Там, дзе нас няма”, які аўтар напісаў яшчэ ў 2004 годзе і публікаваў у электроннай версіі. Новае выданне дапоўненае аўтарскімі рэфлексіямі “Адказы без пытанняў” і “Палімпсест 2022”, параўнальнай табліцай папярэдніх версій рамана і выбранымі чытацкімі водгукамі.
Акрамя аўтарскага правапісу, заснаванага на “тарашкевіцы”, выданне вылучаецца размаітасцю паліграфічных прыёмаў. Так у кнізе выкарыстана вялікай колькасць шрыфтоў для перадачы розных тыпаў дыскурсу.


З анатацыі:
“Дзеянне раману адбываецца недзе ў паралельным сусвеце, які ёсць сатырычнай, радыкальна бязглуздай версіяй Беларусі залаталіхіх дзевяностых гадоў. У гэтай нерэальнасці мусяць штодня — ці прынамсі два дні, цягам якіх разгортваюцца падзеі, — выжываць цалкам рэальныя маладыя людзі, чые асабістыя пошукі сэнсу і прыгодаў праходзяць на фоне агульнанацыянальнага маразму. Ці дапаможа ім Імаверская Кніга ўратаваць пандэмонскага інфлянтолага Ніка Пацукевіча з турмы, а саму Інфляччыну — ад дамаганняў партыярха Педафілія?”
Замовіць кнігу можна ўжо цяпер праз e-mail perfect.magenta@gmail.com. Неўзабаве раман з’явіцца ў варшаўскай “Кнігаўцы” ды іншых кнігарнях.
Раман “Там, дзе нас няма”, які ў 2004 годзе атрымаў прэмію імя Янкі Юхнаўца — гэта другая публікацыя выдавецкай ініцыятывы SayBeat пасля двухтомных успамінаў Макса Шчура “Спроба эксперыментальнага канструявання сябе”, выдадзеных сёлета дзякуючы чытацкаму краўдфандынгу на платформе Gronka.
Паводле прэс-рэлізу