Макс Шчур выдаў падрабязную аўтабіяграфію

Выйшла двухтомная кніга ўспамінаў лаўрэата Прэміі Гедройця (2016) Макса Шчура “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе”. Гэта першая публікацыя новай выдавецкай ініцыятывы SayBeat.

Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы блізу шасці дзясяткаў фундатараў на краўдфандынгавай платформе Gronka.

Твор уяўляе сабой белетрызаваную аўтабіяграфію. Сам аўтар Макс Шчур азначае жанр кнігі як “мэм-угáры”. Ягоная спроба зразумець, чым ёсць і як узнікае асобна ўзятае чалавечае “я”, падаецца з уласцівым аўтару гумарам.

Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, ён ад чытачоў не хавае. Жыццё продкаў у Буэнас-Айрэсе, дзяцінства часоў “перабудовы” ў Берасці і Карэлічах, sex drugs rock’n’roll і пачуццёвая анархія ў Менску, пошукі сэнсу, грошай і кахання ў Празе і Стакгольме. Верагодна, што падобна шчырай кнігі ў белліце яшчэ не было.

Кнігу ўжо можна купіць на сайце кнігарні “Кнігаўка”.

Макс Шчур — паэт, перакладнік, лаўрэат прэміі Гедройця (2016) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004). З 1998 году жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы («Амальгама», «Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладнік з ангельскай, гішпанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайту «Невідочнае места» (2003—2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013—2020). Пераклаў на беларускую фільм «Крымінальнае чытво». Аўтар ютуб-каналу @luempen, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.

Загалоўнае фота: Будзьма