Чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак — відэалекцыя

Праект беларускіх і шведскіх арт-мэнэджараў Culture makes праводзіць серыю лекцый пра асновы і трэнды сучаснай культуры. Чацвёртую лекцыю з назвай “Трэнды сучаснай літаратуры: чаму беларускай кнізе складана прабіцца на заходні рынак” прачытаў крытык, перакладчык і літаратар Ціхан Чарнякевіч. Відэа-версіі лекцый публікуюцца на YouTube-канале праекта.

Рэдактар Bellit.info Ціхан Чарнякевіч разважае з нагоды спісу топ-100 кніг па версіі New York Times Books. Разбіраецца, адкуль бяруцца такія рэйтынгі, хто іх піша, каму яны патрэбныя і хто, а галоўнае як, туды трапляе. Таксама ў відэа гаворка ідзе пра трэнды і віды сучаснай літаратуры, адрозненні жанраў і аб вечных актуальных тэмах для напісання.

Лектар на прыкладах расказвае пра важнасць прывязкі да месца / часу і псіхалагічных выклікаў для паспяховасці літаратурных твораў. А ў межах дыскусіі прысутныя паспрабавалі разабрацца, якія шанцы ёсць у беларускай кнігі на сусветным рынку і як сучасныя тэндэнцыі могуць уплываць на яе развіццё.