Бень, Рыжкоў, Краўчанка: 5 артыстаў, якіх можна і пачытаць, і паслухаць

У свеце сучаснага мастацтва ўсё часцей можна сустрэць тэрмін “мультыжанравы(-ая) артыст(-ка)”. Гэтыя таленавітыя людзі, якія вырашылі не адказваць адназначна на пытанне “кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш” і паспяхова рэалізоўваюцца адразу ў некалькіх кірунках творчасці. Напрыклад, у музыцы і літаратуры.

Сёння разам з праектам пра беларускую музыку КЛІК узгадваем артыстаў, якіх можна і пачытаць, і паслухаць. 

1. Сяргей Краўчанка

Гурт Polyn. Сяргей Краўчанку ў цэнтры

Ён стварае інструментальную музыку ў гурце Port Mone, пранізлівыя тэксты і змрочныя мелодыі ў Polyn, а таксама эксперыментуе з электроннай музыкай у сольным праекце SK.EIN

Пры гэтым, Сяргей Краўчанка ўжо шмат гадоў піша тэксты – у яго ёсць захапляльная серыя артыкулаў на CityDog “Как это любить” пра (не)турыстычныя месцы Беларусі, а таксама ён спрабуе сябе ў аўтарскім fusion-жанры на мяжы эсэ і паэтычных замалёвак-мініяцюр.

Фота: крыніца

У 2023 годзе яны склаліся ў кнігу “Забыть в электричке”, якая выйшла ў выдавецтве “Мяне няма”, а ў 2024 у выдавецтве “Лысы чэрап” выйшла кніга “Крестик”.

“Чытво атрымалася насычанае, кожны сказ мае вагу. Кнігу можна перачытваць як зборнік вершаў, адкрываючы на любой старонцы, а можна забыцца ў электрычцы, каб гэта рабілі іншыя, гаворыцца ў анатацыі да кнігі “Забыть в электричке”.

Купіць кнігі “Забыть в электричке” і “Крестик”.
Слухаць Port Mone, Polyn ці SK.EIN.

2. Света Бень 

Аўтарка песень, салістка кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба”, дзе спявае пра хуткаплыннасць жыцця, каханне і пра балючыя расчараванні (на жаль, гурт завяршыў сваю дзейнасць, але песні жывуць у многіх плэйлістах і сэрцах слухачоў). Стваральніца і ўдзельніца электроннага беларускамоўнага праекта WTBSK маласуцяшальнай музыкі з грукатлівым гучаннем.

А ў дуэце з Галяй Чыкіс у 2022 годзе Света Бень выпусціла альбом “Приём” пра тых, хто згубіўся ў новай рэальнасці ад гэтых песень зашчэміць сэрца нават у самага неэмацыйнага слухача.

Песні Светы Бень заўжды вылучаліся інтэлектуальнымі тэкстамі, арыгінальнымі метафарамі і небанальнымі рыфмамі. Таму з’яўленне ў артысткі кніг было толькі пытаннем часу.

Яна аўтарка зборніка вершаў “Из ямки земляной”, які выйшаў у выдавецтве “Бабель” у 2024 годзе, і кнігі “Беспрацоўнае дрэва”, перадзаказ якой зараз ідзе ў выдавецтве “Мяне няма”.

“Ейныя вершы і песні… заўсёды пра нас: пра ўсякага жывога чалавека на гэтай зямлі, згубленага і самотнага; пра самае добрае ў нас і самае злое, самае светлае і сорамнае, сумнае і каштоўнае”, — напісана ў анатацыі да кнігі “Из ямки земляной”.

А “Беспрацоўнае дрэва” — гэта гісторыя пра дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё працавала… дрэвам. Аўтарка з дапамогай далікатнай метафары раскрывае тэму эміграцыі і пошуку сябе.

Купіць кнігі “Из ямки земляной” і “Беспрацоўнае дрэва”.
Слухаць “Серебряная свадьба”, “WTBSK”, дуэт Светы Бень і Галі Чыкіс.

3. Віталь Рыжкоў

Гурт Belaroots. Віталь Рыжкоў справа

Паэт, перакладчык, аўтар кнігі  “Дзверы, замкнёныя на ключы”, за якую ў 2011 годзе атрымаў прэмію “Дэбют”. Кніга разышлася некалькімі накладамі, па матывах вершаў намалявалі гарадскія муралы, а LEAR, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя музыкі стварылі песні на словы Віталя.

Рыжкоў мае музычнае альтэр-эга гэта рэпер Angst са злымі, часам бескампраміснымі, але вельмі праўдзівымі тэкстамі. Разам з рэперамі Zeman і Kontra Віталь Рыжкоў стварыў гурт Belaroots, песні якога паціху становяцца класікай беларускага рэпу.

Чытаць і слухаць вершы Віталя Рыжкова.
Пайсці на паэтычны вечар Віталя ў Варшаве.
Слухаць трэкі Angst і Belaroots.

4. Уладзь Лянкевіч

luty sakavik. Уладзь Лянкевіч справа

Уладзь выдаў паэтычную кнігу “70% вады”, за якую ў 2014 годзе атрымаў прэмію “Дэбют”. У ягоным перакладзе выйшла класіка дзіцячай літаратуры “Пітэр Пэн” Джэймса Мэцью Бары, і класіка ангельскай паэзіі дзякуючы Лянкевічу Уільям Блэйк загучаў па-беларуску. 

Зараз у паэта два музычныя гурты. Гэта luty sakavik праект у стылі post-punk і new-wave, у якім музыка складаецца са свавольных сінтэзатараў, упэўненай прамой бочкі ды ідэальных тэкстаў пра неідэальнае каханне. Гэта сумесны праект Уладзя з музыкам Эрыкам Арловым-Шымкусам.

Зусім іншы гурт Syndrom Samazvanca psychedelic rock і krautrock, складаная музыка, якую не паслухаеш фонам, з лабірынтамі гітарных рыфаў, ірваным рытмам і экзістэнцыйнымі сэнсамі ў тэкстах. А на канцэртах музыкі часта імправізуюць, і знаёмыя трэкі могуць гучаць па-новаму. 

Нельга не ўзгадаць гурт Уладзя Лянкевіча, які спыніў сваю дзейнасць, але працягвае падабацца многім фанатам беларускай музыкі. TonqiXod гурт у стылі art і experimental rock, па якім сумуюць як крытыкі, так і слухачы. 

Чытаць вершы Уладзя Лянкевіча.
Слухаць песні TonqiXod, luty sakavik, Syndrom Samazvanca.
Пайсці на канцэрт Syndrom Samazvanca.

5. Віктар Сямашка

Аўтар некалькі паэтычных зборнікаў: “Марыя S.”, “ReRa”, “Габітацыя”, “Ромб”. Апошняя кніга Віктара “Аўтар мае рацыю заўжды” ўвайшла ў лонг-ліст прэміі Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную кнігу вершаў (2023).

Віктар па-майстэрску гуляецца са словамі, ловіць у мове незвычайныя сугуччы адметнасцю ягонай паэзіі з’яўляецца выкшталцоны гукапіс. І слухаць аўтара падчас яго перфарматыўных чытанняў вялікая асалода для аматараў паэзіі.

Музыка Віктара Сямашкі цесна звязаная з паэзіяй: два апошнія ягоныя праекты гэта пацвярджаюць. Так, Віктар запісаў музычны альбом “Plop-Plop-Plop” з паэткай Вольгай Гапеевай сумесную праграму, у аснове якога — дэкламацыя паэткай нямецкамоўных верлібраў.

Яшчэ паэт і музыка разам з хорам “Гук цішы” і аранжыроўшчыкам Канстанцінам Яськовым стварыў “Звышверш” памяці Надзеі Артымовіч аўдыяальбом на вершы паэткі.

А нядаўна культавае брытанскае выданне пра музыку The Wire зрабіла артыкул пра Віктара Сямашку. 

Чытаць і слухаць вершы Віктара Сямашкі.
Слухаць “Звышверш” і іншую музыку.

Дар’я Бялькевіч, Bellit.info