Аргентынская паэтка Наталля Літвінава (Natalia Litvinova), якая яшчэ ў дзесяцігадовым узросце разам з сям’ёй з’ехала з Беларусі, атрымала адноўленую летась прэстыжную прэмію Lumen de novela за дэбютны раман “Luciérnaga” (“Светлячок”).
Да ўдзелу ў прэміі прымаюцца рукапісы напісаныя жанчынамі на гішпанскай мове з усёй Лацінскай Амерыкі. У 2024 годзе было пададзена 549 рукапісаў, з якіх журы найлепшым палічыла раман Наталлі Літвінавай. Прыз уключае 30 000 еўра і публікацыю твора для гішпанамоўных чытачоў выдавецтвам Penguin Random House Grupo Editorial.
Наталля Літвінава нарадзілася ў 1986 годзе ў Гомелі, а ў 1996 сям’я пераехала ў Буэнас-Айрэс. Аўтарка 10 паэтычных зборнікаў, перакладае паэзію з расейскай мовы на гішпанскую.
“Я скончыла кнігу за некалькі дзён да адпраўкі яе на конкурс, але гэтая гісторыя была ў маёй галаве шмат гадоў”, — цытуе аўтарку EL PAIS. “Luciérnaga” — гэта сямейная гісторыя, гісторыя выгнання і ўцёкаў.
Скразной тэмай рамана стала Чарнобыльская трагедыя, уцёкі, памяць і змаганне за новае жыццё. Важную ролю ў з’яўленні твору адыгралі ўспаміны маці пісьменніцы, якія тая напісала на просьбу сваёй дачкі. Пісьменніца працавала з урыўкавымі тэкстамі, але не хацела, каб новая кніга вылілася ў чарговы зборнік вершаў.
Журы сярод іншага адзначала, што нейкім неймаверным чынам Наталлі Літвінавай удалося атрутную радыяцыю ў пэўным сэнсе ператварыць у тэксце ў жывую магію.
Фота з фэйсбуку пісьменніцы