Алексіевіч агучыла назву кнігі, якую цяпер піша

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч расказала пра новую кнігу, над якой цяпер працуе. “У чаканні варвараў” — так гучыць імаверная назва твору, якую пісьменніца пазычыла ў аўтара аднайменнага верша грэцкага паэта Канстанцінаса Кавафіса. Кніга пра рэвалюцыю 2020 года, “пра нашу спробу”.

“Мы ўсе цяпер неяк бездапаможна застылі і ўвесь час апавядаем сабе [пра] страшнае наша жыццё, [прыводзім] прыклады і чакаем варвараў”, — тлумачыць пісьменніца ў вялікім інтэрв’ю.

Знаходзіць герояў для новай кнігі пісьменніцы нескладана, бо багата беларусаў выехала з краіны і пісьменніца можа з імі сустракацца і размаўляць.

“Праблема ў ідэі. Сабраць кучу кашмараў нашых, калекцыю гэтых жахаў — гэта не тое. Сёння трэба на шмат пытанняў нанава адказаць, таму я так доўга пішу гэтую сваю кнігу”, — гаворыць Святлана Алексіевіч.

Аднак ствараць кнігу, прызналася пісьменніца, цяжка, бо “зверства чалавечае, жывёльнае”, што “выпаўзае”, ёй “не толькі брыдка”, яно яе “паралізуе як чалавека”.

“Я не ведаю як з гэтым пасля жыць. Ёсць роспач. Суцешыцца няма чым — зло досыць драпежная рэч. Ты ў гэта апускаешся і пачынаеш вывучаць. Галоўнае не зрабіць гэта так цікава, каб людзей гэтае зло не адштурхоўвала, а, наадварот, паказвала, якое яно бяздоннае. Дабро прасцейшае, пра яго цяжэй пісаць”, — прызналася Алексіевіч.

галоўнае фота: Позірк