Беларускі ПЭН распачынае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зняволення.
Да ўдзелу прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах – апублікаваныя, часткова апублікаваныя ці неапублікаваныя. Разглядаюцца працы, створаныя з кастрычніка 2024 да верасня 2025 году.
На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэгламентам.
Каб падаць заяўку, трэба запоўніць адпаведную google-форму і далучыць да яе творы. Тэрмін падачы заявак — да 15 кастрычніка 2025 году (23:59 беларускага часу).
Заснавальнікі прэміі, Беларускі ПЭН і “Радыё Свабода”, абвесцяць вынікі прэміі 15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка.
Часта задаваныя пытанні пра прэмію
Калі мой твор напісаны ўжо не ў турме, я магу падацца?
Так, бо прымаюцца творы, напісаныя альбо ў зняволенні, альбо на тэму зазнанага зняволення.
Калі я пішу па-расейску?
Так, бо на разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах. Таксама адсутнічаюць абмежаванні паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў.
Калі мой твор нідзе не надрукаваны?
Так, мы прымаем як апублікаваныя творы, так і неапублікаваныя. А яшчэ ў конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.
Я магу ўдзельнічаць ананімна?
Так. Факт намінацыі, перамога, імёны і прозвішчы аўтараў могуць зашыфроўвацца і не раскрывацца публічна. Прозвішчы будуць абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Ці магу я падаць заяўку за сваіх блізкіх, якія знаходзяцца ў зняволенні?
Так, гэта могуць зрабіць блізкія сваякі аўтара або іншыя ўпаўнаважаныя асобы. Але твор можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў).
Ці магу я намінавацца зноў пасля перамогі ў мінулыя годы?
Так, лаўрэаты прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах.
Мая кніга выйшла ў 2023 годзе — ці магу яе намінаваць?
Не, на разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з кастрычніка 2024 да верасня 2025 году.
Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў і катаванняў штогод ускладняе публікацыю твораў, напісаных у няволі. Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння за кратамі застаюцца не менш як 33 асобы, якіх можна прылічыць да Людзей Слова. Беларускі ПЭН вядзе хроніку, прысвечаную зняволеным літаратарам, перакладчыкам, даследчыкам літаратуры, публіцыстам і інтэлектуалам — усім, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Першую прэмію атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу “Еду в Магадан”.