5 краін і 10 гарадоў — вялікі літаратурны тур Арлова

Пісьменнік і папулярызатар гісторыі Уладзімір Арлоў выпраўляецца ў літаратурнае турнэ. Разам з са стваральнікам Фонда і інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” Яраславам Іванюком пісьменнік наведае 5 краін і 10 гарадоў.

Сустрэчы ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыне і Швейцарыі будуць прымеркаваныя да ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

  • Першая сустрэча пройдзе 20 сакавіка ва Уроцлаве пры падтрымцы з Kolegium Europy Wschodniej і Суполкі Беларусаў УроцлаваУладзімір Арлоў распавядзе пра ключавыя моманты беларускай гісторыі — ад часоў Полацкага княства да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а Яраслаў Іванюк пра 25 гадоў Kamunikat.org, найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі.

Месца: Przejście Dialogu, ul. Świdnicka 19 (падземны пераход)
Час: 18:00

  • 21 сакавіка ў Празе, дзе суарганізатарам стала суполка “Скарына”, сустрэча пройдзе пад назвай “Няскораная грамадзянка БНР”. У межах яе адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў”. Варта згадаць, што самы вялікі раздзел успамінаў прысвечаны менавіта пражскаму перыяду жыцця паэткі. У кнізе сотні каментароў і дзясяткі фотаздымкаў, частка якіх друкуецца ўпершыню.

Месца: Клюбоўня суполкі Пагоня, 5. května 851/70, 140 00 Praha 4-Nusle
Час: 18:00

  • У іншым чэшскім горадзе Брно (22.03), як ляжыць на шляху туру, Уладзімір Арлоў выступіць з лекцыяй “Беларусь – Чэхія. Дзесяць вякоў гістарычных і культурных сувязяў”. Таксама і тут не абмінуць тэмы Беларускай Народнай Рэспублікі, урад якой у міжваенны перыяд знайшоў прытулак менавіта ў Чэхаславаччыне. На чэшскай зямлі знаходзяцца магілы прэзідэнтаў БНР Пётры Крэчаўскага і Васіля Захаркі. Абодва яны захоўвалі ў эміграцыі мандат першага незалежнага беларускага ўраду.

Месца: Institut Paměti Národa, Radnická 10 Brno
Час: 18:00

Далей пісьменніка чакаюць Вена 23.03 (Аўстрыя), Мюнхен 25.03 (Нямеччына), Цюрых 28.03 (Швейцарыя), Вісбадэн 29.03 і Кёльн 30.03 (Нямеччына). А пасля Познань (02.04) і Варшава (03.04). Падрабязней пра месцы сустрэчаў можна дазнацца на старонцы Kamunikat.org.

Кожная сустрэча будзе нагодай, каб распавесці пра Беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org, якая сёлета адзначае 25-ці годдзе.

“Наш юбілей будзем адзначаць актыўнай дзейнасцю і працай, — кажа стваральнік бібліятэкі і дырэктар Фонду Яраслаў Іванюк. — Мы пачалі год выданнем дзесяці кніг. Ёсць што запрапанаваць беларусам ва ўсёй Еўропе. А калі гэта зрабіць найлепш, як не пры нагодзе нашага вялікага свята, свята свабодных беларусаў, якім ёсць Дзень Волі?

Наведнікі сустрэчаў сярод іншага змогуць набыць кніжныя навінкі ад “Камуніката”: успаміны Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў”, непадцэнзурныя аповесці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць. Ліквідацыя”, новы раман Андрэя Федарэнкі “Сцэнарыст”, а яшчэ кнігі Уладзіміра Арлова “Айчына”“Імёны Свабоды”“Каханак яе вялікасці”“Ордэн Белай Мышы”.