Жылка Уладзімір Адамавіч (псеўд. Л. Макашэвіч; 27.5.1900, в. Макашы, цяпер Нясвіжскі р-н Мінская вобл. — 1.3.1933, Уржум, Кіраўская вобл., Расія). Паэт, перакладчык.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914). Падчас Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве ў Тульскай губерні. Закончыў 3 класы Багародзіцкага агранамічнага вучылішча (1915—1917), у сакавіку 1917 г. вярнуўся разам з бацькам у Мінск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе. У кастрычніку 1919 — сакавіку 1920 гг. працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе, зблізіўся з беларускім вызваленчым і культурна-асветным рухам, наведваў клуб “Беларуская хатка”. У 1919 г. уступіў у партыю беларускіх эсэраў. Працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам, якім загадваў М. Чарот (1918—1919), прымаў удзел у антыпольскім падполлі. Восенню 1920 г. захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага павета. Пасля Рыжскага дагавора 1921 г. апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Зблізіўся з паўстанцкай групай І. Мікуліча, якая дзейнічала на Нясвіжчыне, пісаў для падпольшчыкаў лістоўкі, адозвы, закліковыя вершы. Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Апекаваўся разам з Л. Родзевічам створанай у Віленскай беларускай гімназіі тэатральнай майстроўняй. Летам 1922 г. выехаў у Літву (Коўна), потым пераехаў у Латвію, стаў наведваць выпускны клас Беларускай гімназіі ў Дзвінску (навучанне не скончыў). Выконваў ролю сувязнога паміж віленскім і ковенскім цэнтрамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і беларускімі зямляцтвамі ў краінах Балтыі. У канцы 1922 г. нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Л. Родзевічу ў апрацоўцы матэрыялаў для газет “Наша будучыня” і “Новае жыццё”. У лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхаславакію, паступіў на філалагічнае аддзяленне філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі беларускага паступовага студэнцтва (АБПС), дапамагаў у выданні органа гэтай арганізацыі — часопіса “Перавясла”. У сярэдзіне 1920-х гг. зблізіўся з марксісцкай арганізацыяй “Саюз студэнтаў грамадзян БССР”, рэдагаваў часопіс “Прамень” (пазней “Новы прамень”). У 1926 г. прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, у Чэхаславакію не вярнуўся, застаўся ў БССР і прыняў савецкае грамадзянства. У Савецкай Беларусі спачатку працаваў у Інбелкульце, потым у газеце “Беларуская вёска”. З 1927 г. загадчык аддзела літаратуры газеты “Звязда”. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, друкаваўся ў часопісе літаратурнага згуртавання “Узвышша”. У 1928 г. быў вымушаны пакінуць “Звязду”. Выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме, працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно. 19 ліпеня 1930 г. арыштаваны пад Мінскам ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Прыгавораны да 5 гадоў высылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад сухотаў.
Пахаваны на гарадскіх могілках Уржума, Кіраўскай вобласці, РФ.
Дэбютаваў у друку ў 1920 г. вершам “Покліч” у газеце “Беларусь”. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях “Беларускія ведамасці”, “Наша думка”, “Наша будучыня”, “Новае жыццё”. Аўтар паэмы “Уяўленне” (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў “На ростані” (Вільня, 1924), “З палёў Заходняй Беларусі” (Менск, 1927), цыкла “Вершы спадзявання” (2-я пал. 1920-х), неапублікаванай пры жыцці паэмы “Тэстамент” (1930-я), літаратуразнаўчых і культуралагічных артыкулаў. Пераклаў “Слова пра Якуба Шэлю” Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш. Выдадзеныя зборнікі “Вершы” (Мінск, 1970), “Пожні” (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы; Мінск, 1986), “Лісты Уладзіміра Жылкі да Антона Луцкевіча” (Мінск, 1994), “Творы” (Мінск, 1996), “Выбраныя творы” (Мінск, 1998).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.