Жыткевіч Зміцер Максімавіч (псеўд. Гушчар; 8.11.1904, в. Халамер’е, Гарадоцки р-н Віцебскай вобл. — 7.8.1955, Рыга, Латвія). Паэт-маладняковец, празаік.
Рана страціў бацьку і апынуўся на папячэнні дзядзькі. Вучыўся ў Халамерскай прыходскай школы, працаваў пісарам Халамерскай валасной управы. Пасля смерці дзядзькі ў часе Першай сусветнай вайны быў уладкаваны ў дзіцячы дом у Віцебску. Пасля заканчэння навучання ў дзіцячай працоўнай камуне, у 1921 г. працаваў справаводам губернскага палітычна-асветнага камітэта. У 1922 г. быў абраны ў склад мясцовага Савета вёскі Халамер’е, выконваў функцыі сакратара. У 1924—1925 гг. працаваў справаводам райвыканкама ў Езярышчы, у 1925—1926 гг. — загадчыкам Езярышчанскага народнага дома. У 1926—1927 гг. сакратар “Віцебскай сялянскай газеты”, пасля — “Віцебскага пралетарыя”. З 1931 г. быў адказным сакратаром віцебскага БелАППа. У 1933 г. перайшоў на працу ў транспартны аддзел НКУС (пазней МГБ), дзе служыў каля 22 гадоў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Рызе (Латвія). Быў сябрам КПСС з 1938 г. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Знак Пашаны.
Дэбютаваў частушкамі ў 1924 г. у “Витебской крестьянской газете”. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, публіцыстычныя артыкулы ў мясцовым і рэспубліканскім друку. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Творы ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі вершаў “Пачатак” (Віцебск, 1926) і “Світанне” (Віцебск, 1927), якія выдавала мясцовая філія “Маладняка”, у зборнік Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў “Рытмы будавання” (1930).