Хутка выйдзе фотаальбом Касі Паласаткі — перадзаказ

Дызайнерка і фатографка Кася Паласатка анансавала выхад кнігі з фотаздымкамі Беларусі 2020—2025 гадоў. Фотаальбом з назвай “Belarus” можна перадзамовіць проста цяпер праз сайт Kolerbooks.com з дастаўкай у розныя краіны свету.

“…Новага матэрыялу назбіралася вельмі шмат. Штосьці выходзіла ў якасці паштовак, штосьці вы бачылі ў маім інстаграме”, дзеліцца навіной аўтарка ў сацсетках і дадае, што ўсе, хто купляе кнігу наперад, спрыяе хутчэйшаму яе выхаду з друку. Перадзамовы прымаюцца да 10 лістапада, пасля кошт кнігі будзе вышэйшым.

Фармат фотаальбома “Belarus” — 17х24 см. Вокладка з тканіны, супервокладка з паўпразрыстай паперы ад GF Smith. 224 старонкі. Час выхаду кнігі — зіма 2025/2026.

Па пытаннях дастаўкі можна пісаць на kolerbooks@gmail.com, па іншых пытаннях — на агульную пошту kolerbooksinfo@gmail.com.