Жычка Хведар Дзмітрыевіч (20.3.1927, пас. Марс, цяпер в. Гелін), Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 25.7.2007, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1960 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1944—1951 гг. служыў на Балтыйскім Ваенна-Марскім Флоце, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў літработнікам у рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Піянер Беларусі”, адказным сакратаром рэдакцыі часопіса “Бярозка”. У 1959 г. закончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Беларусь”, галоўным рэдактарам газеты “Літаратуры і мастацтва” (1972—1976). З 1976 г. старэйшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі, дыпломам і медалём Славацкага літаратурнага фонду (1984). Сябра СП СССР з 1960 г.
Пахаваны на могілках “Калодзішчы” пад Мінскам.
Дэбютаваў у друку вершам у 1947 г. (часопіс “Полымя”). Аўтар зборнікаў паэзіі “Стой на вахце, сэрца” (Мінск, 1961), “Росныя лілеі” (Мінск, 1965), “Настой” (Мінск, 1968), “Абеліск” (Мінск, 1973), “Абавязак” (Мінск, 1979), “Карэц калодзежнай вады” (Мінск, 1983), “Абрус” (Мінск, 1985), “Абдымкі сонца” (Мінск, 1988), “Яшчэ адзін пракос” (Мінск, 1991), “Святога вечара чакаю” (Мінск, 1995), паэмы “Партызанскі праспект” (Мінск, 1975), кніг апавяданняў і фельетонаў “Сукенка ў крапінку” (з П. Беразняком; Мінск, 1956) і “Лясныя страхі” (з П. Беразняком; Мінск, 1959), кніг прозы для дзяцей “Каштанавы «Масквіч»” (Мінск, 1959), “Піфагоравы штаны” (Мінск, 1961), “Мы будзем жыць у вёсцы Сонечнай” (Мінск, 1963), “Зброю бяруць сыны” (Мінск, 1964), “Зорачка-пяцёрачка” (Мінск, 1965), “Паспелі суніцы” (Мінск, 1966), “Дзе растуць бяссмертнікі” (Мінск, 1967; па-ўкраінску: Киів, 1974), “Букет вяргіняў” (Мінск, 1970), “Мая вуліца” (Мінск, 1970), “Старонкі піянерскай гісторыі” (Мінск, 1975), “Дружбы прыклад яркі” (Мінск, 1980) і “Дзень будзе ясны” (Мінск, 1981; па-ўкраінску: Киів, 1984), зборнікаў дзіцячых вершаў “Сонца скача па траве” (Мінск, 1989) і “Грыбны дождж” (Мінск, 1995), зборніка гумарэсак “Спагадлівыя людзі” (Мінск, 1977) і дапаможнiка па вывучэннi правiл дарожнага руху ў пачатковай школе “Мы па вуліцы ідзём” (з І. Чыжэўскім; Мінск, 1973). Пераклаў творы чэшскіх, украінскіх, славацкіх, польскіх аўтараў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Т. Масэнкі “Казка нашага лесу” (Мінск, 1962), М. Алейніка “Леся” (з В. Крайко; Мінск, 1967) і “Жылюкі” (Мінск, 1983), Л. Украінкі “Лясная песня” (Мінск, 1971), Б. Ногейла “Паводка” (Мінск, 1977), В. Нэзвала “Васількі і гарады” (Мінск, 1986). Выдаў зборнік выбраных паэтычных перакладаў “Вокны ў сад” (Мінск, 1987). Склаў анталогію сучаснай чэшскай паэзіі “Высокае неба” (Мінск, 1980). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Вітэзслава Нэзвала (1983) за пераклады і прапаганду чэшскай і славацкай паэзіі.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 194).