Жэра Караль Антоні (1.9.1743, в. Тварогі-Выпыхі, Падляскае ваяв., Польшча — 1802, Драгічын-Надбужскі, Падляскае ваяв., Польшча.). Пісьменнік.
Паходзіў з сям’і дробнага шляхціца. У 1751 г. пачаў вучыцца грамаце ў бацькі, з 1754 г. — у Драгічынскай езуіцкай калегіі. У 1765 г. у Пінску ўступіў у ордэн францысканцаў пад імем Гаўдэнцій. Доўгі час жыў у Сянне на Віцебшчыне, працаваў выкладчыкам у канвенце бернардзінцаў.
Аўтар зборніка беларускіх, польскіх і лацінскіх фацэцый (анекдотаў) “Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі…” (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты запісаны ў Беларусі і на беларускай мове. Паводле аднаго са спісаў зборнік быў выдадзены З. Глогерам (Варшава, 1893), паводле іншага, знойдзенага А. Мальдзісам — у Варшаве ў 1980 г.