Жлутка Алесь (Аляксандр) Анатольевіч (нар. 12.9.1954, в. Заполле, Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл.). Філолаг, гісторык, перакладчык, археограф.
Закончыў факультэт замежных моў Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “класічная філалогія” (1983), аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР (1988). Абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Лацінская літаратура Беларусі эпохі Асветніцтва” (1990). У 1983—1985 гг. выкладаў лацінскую мову ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце. У 1988—1991 гг. малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР. У 1991—1995 гг. старшы навуковы супрацоўнік, даследчыык лацінскай пісьменнасці Беларусі ХІІІ—ХІХ стст. Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны. У 1995—1996 гг. выкладчык класічных моў Беларускага гуманітарнага ліцэя. У 1996—2020 гг. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. З 2021 г. працуе ва Ўніверсітэце Палацкага ў Оламаўцы (Чэхія).
Даследуе лацінамоўную літаратуру Беларусі. Аўтар кніг “Кароткая граматыка лацінскай мовы” (Мінск, 2008), “Лацінская актавая палеаграфія” (Мінск, 2015), “Лацінскія дакументы па гісторыі Беларусі ХІІІ—XIV стст. у замежных архівах” (Мінск, 2018), “Полацк і Полацкая зямля ў лацінскіх пісьмовых крыніцах ІХ—XIV стст.” (Мінск, 2023). Укладальнік выданняў “Міндаў кароль Літовіі: у дакументах і сведчаннях” (Мінск, 2005), “Старагрэцкая драматургія” (разам з Л. Баршчэўскім, Мінск, 2020), “Лацінска-беларускі слоўнік актавай мовы Вялікага Княства Літоўскага ХІІІ—XVIII стст.” (Мінск, 2021) і інш. Пераклаў на беларускую мову паэзію Гарацыя, байкі Эзопа, творы анакрэонтыкаў. Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (2009).