Запольскі Міхал Мікалаевіч (21.1.1893, в. Калядзічы, Мінскі р-н — 10.10.1956, Мінск). Паэт, празаік, драматург, публіцыст.
Звесткі пра сям’ю і адукацыю не выяўленыя. З 1919 г. быў у эміграцыі. У 1920—1950 гг. жыў у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (пазней — Югаславіі), дзе служыў на чыгунцы. Падтрымліваў сувязі з культурніцкімі арганізацыямі Заходняй Беларусі. У 1950 г. у сувязі з ускладненнем палітычнай сітуацыі і арыштам сына, выехаў у Балгарыю, дзе таксама працаваў на чыгунцы. У 1955 г. апынуўся ў Расіі, працаваў кладаўшчыком цаліннага саўгаса Новаузенскага раёна Саратаўскай вобласці. У 1956 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў лабарантам у Інстытуце харчовай прамысловасці ў Мінску.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Пачаў пісаць у 1913 г. па-руску. У 1918—1919 гг. актыўна пісаў па-беларуску. З эміграцыі ў 1920—1930 гг. дасылаў свае допісы, вершы і апавяданні ў педыёдыкі Заходняй Беларусі. Супрацоўнічаў таксама з югаслаўскімі газетамі і часопісамі. Паводле некаторых звестак, пісаў п’есы для Бялградскага дзіцячага тэатра. У 1955—1956 гг. апублікаваў шэраг матэрыялаў за подпісам сваёй нявесткі Марыйкі Шуплевай-Запольскай. Аўтар некалькіх кніг на беларускай, рускай і сербскай мовах. Падрыхтаваў да выдання зборнікі вершаў, пераважна захаваныя ў сямейным архіве, “З настрою на чужыне”, “Песьні”, “Жменя песняў”, “И петь и плакать”, “Мечтатель”. Выдаў кнігу “На железничким шинама” (Београд, 1939). У сямейным архіве таксама захаваліся паэма “Рагнеда”, п’есы “Мана кахання”, “Жыцьцё і каханьне” і інш.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).