Зязюля Андрэй (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасады, цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.1.1921, г. Сянно, Віцебская вобл.). Паэт, каталіцкі дзеяч.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1888—1890 гг. вучыўся ў Гальшанскай народнай навучальні, у 1890—1892 гг. — у павятовай вучэльні ў Ашмянах. З 1901 г. служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і Барысаве, звольнены ў запас у 1903 г. у званні малодшага унтэр-афіцэра. У 1906—1911 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1910 г. Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно. У жніўні 1917 г. служыў капеланам у мясцовасці Жарноўка пры хатняй рымска-каталіцкай капліцы ў маёнтку графіні Марыі Магдалены Радзівіл. Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24-25 мая 1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі, шырока практыкаваў беларускія казанні ў душпастырскай дзейнасці. Пасля 1917 г. на працягу двух гадоў не меў уласнай парафіі. У 1919 г. прызначаны на пасаду выконваючага абавязкі адміністратара касцёла ў мястэчку Сянно Віцебскай губ. Па даручэнні Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі праводзіў працу па арганізацыі местачковых, павятовых і губернскіх радаў у Магілеўскай губ. За нацыянальна-рэлігійную дзейнасць пераследваўся бальшавіцкімі ўладамі. Быў арыштаваны, некалькі тыдняў правёў у турме Віцебскай губчэка. У апошні год свайго жыцця працаваў у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата, дзе і памёр.
Пахаваны у г. Сянно, Віцебскай вобласці на мясцовых каталіцкіх могілках.
З 1909 г. друкаваўся ў беларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друку (“Наша ніва”, “Biełarus”, “Śvietač”, “Krynica”, “Вольная Беларусь”, “Белорусская рада”, “Беларускае жыццё”). Аўтар зборніка вершаў “Z rodnaho zahonu” (Wilnia, 1914), паэмы “Słowa praudy ab mowiе i doli Biełarusa” (Pietrahrad, 1917), вершаванага апавядання “Аленчына вяселле” (Вільня, 1923), беларускага рэлігійнага гімна “Божа, што калісь народы…”. Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік “Беларускія песні з нотамі” Т. 2. (Пецярбург, 1912).