Зямкевіч Рамуальд Аляксандравіч (псеўд. Раман Суніца, Юры Алелькавіч, Саўка Барывой, Шэршань; 7.2.1881, Варшава — 1944, канцлагер Асвенцім, Польшча). Крытык, літаратуразнаўца, перакладчык, калекцыянер.
Бацькі паходзілі са Случчыны. Вучыўся ў Кіеве, атрымаў прафесію інжынера-механіка. Збіраў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з беларускім нацыянальна-культурным рухам. У 1908 г. рабіў фальклорна-этнаграфічныя запісы каля Зембіна на Барысаўшчыне. У 1913—1914 гг. шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. У 1915—1917 гг. жыў у Мінску, працаваў ваенным інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах беларускага грамадска-культурнай руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве (усе працы Я. Карскага), літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, калекцыю беларускага народнага адзення. Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Большасць яго багатых збораў, а таксама частка ўласных рукапісаў знікла, частка трапіла ў прыватныя рукі.
Загінуў у канцлагеры Асвенцім, Польшча. Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомыя.
З 1909 г. друкаваўся ў “Нашай ніве”, і іншых беларускіх выданнях (“Беларусь”, “Вольная Беларусь”, “Варта”, “Беларускае жыццё”, “Звон”, “Новае жыццё”, “Маладняк”, “Нёман”). Пісаў на беларускай і польскай мовах. Даследаваў беларускую бібліяграфію, старажытную беларускую літаратуру, беларускую літаратуру ХІХ ст., этнаграфію, беларускую народную эстэтыку, фальклор, беларускае мастацтва. Укладальнік першага спецыялізаванага бібліяграфічнага даведніка на беларускай мове — “Беларуская бібліяграфія” (Вільня, 1910). Аўтар шэрагу прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя на той час звесткі пра В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага, А. Кіркора, А. Ельскага, Я. Лучыну, К. Каганца, М. Багдановіча і інш. Апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча (1919), К. Каганца (1920), В. Дуніна-Марцінкевіча (1923), Я. Лучыны (1932). У 1942—1943 гг. пад псеўданімам Шэршань друкаваў сатырычныя вершы ў беластоцкай газеце “Новая дарога”. Перакладаў на беларускую мову творы В. Стафаніка і А. Дадэ.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).