Віталін Змітро

Віталін Змітро (сапр. Сергіевіч Дзмітрый Іванавіч, 8.8.1912, в. Сухое, цяпер Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 4.11.2004, Адэса, Украіна). Паэт, празаік. 

З 1915 г. знаходзіўся з бацькамі ў эвакуацыі ў Бранску. Улетку 1919 г. вярнуліся ў Беларусь у Калінкавічы. Закончыў Калінкавіцкую васьмігодку (1928). З 1929 г. у Менску. Набыў спецыяльнасць электраманцёра і працаваў у Радыёцэнтры БССР спачатку па спецыяльнасці, потым карэспандэнтам. Сябра БелАПП з 1930 г. Быў сакратаром часопіса “Шляхі калектывізацыі”. З вясны 1932 г. адказны сакратар крычаўскай раённай газеты. У верасці 1932 г. паступіў на творчае аддзяленне Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута. 23.2.1933 арыштаваны па справе “Беларускай народнай Грамады”. Асуджаны на высылку. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці Расіі. У канцы 1935 г. вярнуўся ў Калінкавічы. Служыў у арміі, працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры, быў карэспандэнтам газеты “Бальшавік Палесся”. У часе Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце. З канца 1943 г. карэспандэнт дывізіённай газеты “Вперёд за Родину!”. З чэрвеня 1945 г. у рэдакцыі газеты “За честь Родины” ў Вене. У 1950 г. пераведзены ў адэскую акруговую газету “Защитник Родины”. У 1956 г. накіраваны ў Бедапешт, дзе працаваў у рэдакцыі газеты групы войск “Ленинское знамя”. Дэмабілізаваны ў 1961 г. у званні маёра. Жыў у Адэсе. З 1961 г. на творчай працы.

Памёр і пахаваны ў Адэсе, Украіна.

Друкавацца пачаў з 1930 г. Аўтар зборніка вершаў “Будзем жыць” (Менск, 1932). Калі працаваў у армейскіх газетах і жыў у Адэсе, пісаў на рускай мове. выдаў кнігі на ваенную тэматыку “На голубом Дунае” (Одесса, 1955), “Первый бой” (Одесса, 1957), “Мы служим Родине” (Москва, 1962), “Приветствие из юности” (Одесса, 1964), “Начало легенды” (Москва, 1966), “Тревожная осень” (Одесса, 1966), “Десять дней отдыха” (Москва, 1967), “Высокий остров” (Одесса, 1969), “Маршевая рота” (Одесса, 1971), “Товарищи огненных лет” (Москва, 1972), “Гроза на рассвете” (Одесса, 1973), “Сосны среди поля” (Одесса, 1975), “Хорошие приметы” (Одесса, 1978), “Нет последних рубежей” (Одесса, 1982), “Личная война” (Киев, 1983).