Гусеў Сілан (Сіла Нічыпаравіч) (14.8.1897, в. Калясянка, цяпер Чавускі р-н Магілёўскай вобл. — 31.3.1986, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1940 г.
Быў батраком у памешчыка, з 1913 г. працаваў на суконнай фабрыцы ў Пецярбургу. За распаўсюджанне рэвалюцыйных пракламацый у 1914 г. высланы этапам на радзіму. Працаваў на пабудове чыгункі, служыў на Балтыйскім флоце. У пачатку кастрычніка 1917 г. прыкамандзіраваны на крэйсер “Аўрора”. Браў удзел у штурме Зімняга палаца. Служыў у Чырвонай гвардыі і Чырвонай Арміі, а таксама на Чарнаморскім флоце. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне. У складзе першага Чавускага рэвалюцыйнага атрада ваяваў супраць легіянераў Доўбар-Мусніцкага на тэрыторыі Чавускага, Быхаўскага і Магілёўскага паветаў. У 1921—1930 гг. быў на партыйнай і савецкай рабоце ў Беларусі. Закончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску (1933). Да 1941 г. працаваў дырэктарам Дома творчасці пісьменнікаў БССР і адначасова з’яўляўся рэдактарам літаратурнага альманаха “Атака”, рэдактарам літаратурнага аддзела Радыёкамітэта, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, дырэктарам Беларускага аддзялення Літфонду СССР (1933—1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі. Двойчы быў паранены. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах культуры, друку Беларусі, у тым ліку адказным сакратаром камісіі аргкамітэта СП БССР, вучоным сакратаром Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1945—1946). Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, медалямі. Сябра СП БССР з 1940 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
У друку выступаў з 1928 г. (часопіс “Полымя рэвалюцыі”). Аўтар зборніка апавяданняў “За жыццё” (Менск, 1934), аповесці “Шлях юнака” (Менск, 1938).